Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/02/12/ru_1032547_1032548/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 17:08
12.02.2020 16:38 Фінансы, Эканоміка

Калаур: Сёлета валацільнасць на валютным рынку будзе большай

Мінск, 12 лютага. На валютным рынку валацільнасць сёлета будзе большай, чым у ранейшыя гады, заявіў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур 12 лютага на брыфінгу ў Мінску.

"Што тычыцца сітуацыі ў найбліжэйшай перспектыве, гэта будзе залежаць ад таго, у якой ступені будуць рэалізаваныя тыя рызыкі, якія завязаныя на эпідэміі каранавіруса", — адзначыў ён.

Па-першае, паводле слоў кіраўніка Нацбанка, гэты момант прама паўплывае на сітуацыю ў сусветнай эканоміцы, а таксама ўскосна паўплывае на сітуацыю ў эканоміцы Расійскай Федэрацыі і ў беларускай эканоміцы.

"Акрамя таго, развіццё сітуацыі на валютным рынку будзе залежаць ад таго, наколькі хутка гаспадарчым суб`ектам удасца дамовіцца па цэнах на пастаўку нафты, паколькі гэта таксама ўплывае на дэвальвацыйныя чаканні насельніцтва", — растлумачыў Калаур.

"Уласна кажучы, гэта правільна, каб курс быў па-сапраўднаму плаваючым, а ў перспектыве мы наогул павінны перайсці да рэжыму свабоднага плаваючага курсу, калі нават аднадзённых пэўных згладжванняў курсу быць не павінна", — падкрэсліў ён.

"Таму нічога страшнага няма ў тым, што валацільнасць на валютным рынку сёлета большая, чым летась. Гэта ўсвядомленыя дзеянні, накіраваныя на вырашэнне доўгатэрміновых праблем", — заявіў Калаур.

Паводле яго слоў, цяперашняя сітуацыя на валютным рынку краіны зусім зразумелая і прагназаваная. "Ідзе сезонны попыт на валюту, які трохі скарэктаваны перагаворным працэсам з Расіяй і пэўнай тактыкай паводзін нафтаперапрацоўчых заводаў", — сказаў кіраўнік Нацбанка.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239