Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/02/12/ru_1032572_1032573/
Дата раздрукоўкі: 23.02.2020 14:38
12.02.2020 17:04 Грамадства, Культура

Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі папоўняць практыкамі саломапляцення, традыцыямі наіўнага мастацтва і выпякання хлеба

Мінск, 12 лютага. Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны на пасяджэнні 12 лютага прыняла рашэнне аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці чатыром нематэрыяльным праяўленням творчасці, паведамляе прэс-служба Міністэрства культуры.

Адпаведны статус прысвоены "мастацкім практыкам саломапляцення, традыцыям наіўнага мастацтва Віцебшчыны, традыцыям выпякання грачанага хлеба ў Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці, а таксама тэхналогіям і традыцыям выпякання хатняга хлеба ў вёсках Жораўка і Кузьмічы Любанскага раёна Мінскай вобласці".

На падставе рашэння рады міністэрства ўключыць гэтыя элементы нацыянальнай культуры ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Месяцам раней статус гісторыка-культурнай каштоўнасці набылі чатыры нематэрыяльныя праяўленні творчасці: традыцыя вясновых карагодаў на Вялікдзень, Правадную нядзелю і падчас абраду "Провады зімы" (вёска Пінкавічы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці); традыцыя шчадравання "Конікі" (Давыд-Гарадок Столінскага раёна Брэсцкай вобласці); традыцыя прыгатавання выпечкі "Поразаўская банкуха" (пасёлак Поразава і вёска Карэвічы Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці); выраб дываноў у тэхніцы аплікацыі саломкай на тканіне (Старыя Дарогі, пасёлак Палажэвічы і вёска Рухава Старадарожскага раёна Мінскай вобласці).

Усяго ў дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў налічваецца звыш 5,5 тыс. матэрыяльных рухомых і нерухомых і нематэрыяльных элементаў нацыянальнай спадчыны.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН