Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/02/13/ru_1032660_1032661/
Дата раздрукоўкі: 01.04.2020 08:58
13.02.2020 11:58 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка: Беларусь гатовая даць швейцарскаму бізнесу самыя выгадныя ўмовы

Мінск, 13 лютага. Беларусь гатовая даць швейцарскаму бізнесу самыя выгадныя ўмовы для інвеставання, заявіў Аляксандр Лукашэнка 13 лютага на сустрэчы з кіраўніком Федэральнага дэпартамента замежных спраў Швейцарыі Іньяцыа Касісам.

Вітаючы замежнага госця, паведамляе прэс-служба прэзідэнта, Лукашэнка адзначыў, што Беларусь часта называюць усходняй Швейцарыяй. "Я абсалютна не пярэчу супраць такога азначэння. Таму што Швейцарыя такі спрыяльны статус у свеце заслужыла дзякуючы сваёй палітыцы, пастаяннаму нейтралітэту і вельмі вялікай прыстойнасці ва ўзаемаадносінах з іншымі дзяржавамі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Праўда, ёсць невялікія адрозненні. Усё ж такі мы краіна лясная, раўнінная, з вялікай колькасцю водных рэсурсаў. У вас, што прыцягвае заўсёды людзей, шмат добрых даступных гарналыжных курортаў. Горы вельмі ўпрыгожваюць вашу краіну. На жаль, у нас такога няма".

Ён адзначыў, што ў Беларусі са Швейцарыяй заўсёды былі добрыя адносіны. "Але я думаю, што нам ёсць куды расці, асабліва ў сферы гандлёва-эканамічных адносін. Эканоміка — галоўнае. Мы гатовыя даць швейцарскаму бізнесу самыя выгадныя ўмовы для інвеставання", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

У якасці пазітыўнага прыкладу ўзаемадзеяння дзвюх краін Лукашэнка назваў рашэнні аб прызначэнні пасла Швейцарыі ў Беларусі і аб адкрыцці ў Мінску пасольства гэтай краіны. "Гэта будзе добры крок у напрамку паглыблення нашага супрацоўніцтва, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Ваш візіт вельмі важны, ён своечасовы. І ўпэўнены, што ён дасць штуршок паглыбленню нашага супрацоўніцтва".

Іньяцыа Касіс адзначыў, што швейцарцы, якія жывуць і працуюць у Беларусі, высока ацэньваюць развіццё і дынаміку ў краіне. "Калі я наведваю іншыя дзяржавы, ёсць пэўная традыцыя: перш чым сустракацца з палітыкамі, я праводжу сустрэчу са швейцарскай дыяспарай — тымі швейцарскімі грамадзянамі, якія жывуць у краіне, уносяць пэўны ўклад у яе развіццё. Сёння раніцай у мяне быў такі сняданак са швейцарцамі, якія жывуць у Беларусі, — расказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства. — Сярод іх (не жыве, але актыўна працуе ў Беларусі) Петэр Шпулер (уладальнік кампаніі "Штадлер Рэйл Груп". — заўв.). Я вельмі добра яго ведаю па ранейшай працы ў парламенце. Таксама на гэтай сустрэчы быў прадстаўнік Чырвонага Крыжа — гэта гуманітарны кірунак. І тры іншыя грамадзяніны Швейцарыі. Для мяне было вельмі важна даведацца аб іх адчуванні, успрыманні Беларусі. І ўсе яны ў адзін голас хвалілі, высока ацэньвалі тое развіццё, дынаміку, якая назіраецца ў Беларусі".

Касіс падкрэсліў, што не крыўдзіцца, калі Беларусь параўноўваюць са Швейцарыяй, называючы яе Швейцарыяй Усходняй Еўропы. "Для нас гэта вялікі гонар, што Швейцарыя служыць прыкладам для Беларусі. У нас сапраўды шмат агульнага. І колькасць насельніцтва падобная, мы акружаны суседзямі, вялікая культурная разнастайнасць. Усё гэта дае нам магчымасць выконваць асаблівую функцыю па будаўніцтве "мастоў" (маецца на ўвазе развіццё супрацоўніцтва паміж краінамі і народамі. — заўв.)", — сказаў ён.

Кіраўнік Федэральнага дэпартамента замежных спраў Швейцарыі наведвае Мінск 12—13 лютага. Гэта першы ў гісторыі двухбаковых адносін візіт у Беларусь афіцыйнага прадстаўніка Швейцарыі такога ўзроўню. Запланаваны перамовы Касіса з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем і ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця пасольства Швейцарыі ў Беларусі.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН