Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/02/13/ru_1032722_123/
Дата раздрукоўкі: 26.10.2020 01:20
13.02.2020 17:05 Эканоміка

Дзмітрый Крутой: Акцыянаванне ўнітарных прадпрыемстваў — адзін з ключавых накірункаў працы Дзяржкаммаёмасці

Мінск, 13 лютага. На пасяджэнні калегіі Дзяржаўнага камітэта па маёмасці 13 лютага першы віцэ-прэм'ер Дзмітрый Крутой акрэсліў ключавыя напрамкі работы ведамства. "У першую чаргу, гэта тэма акцыянавання ўнітарных прадпрыемстваў, адмена пераважнага права аблвыканкамаў на куплю акцый, паўнавартасны запуск рынку акцый", — цытуе першага віцэ-прэм'ера прэс-служба Савета міністраў.

"Другі блок — праца з неплацежаздольнымі арганізацыямі, — дадаў Крутой. — Агенцтва па кіраванні дрэннымі даўгамі ўжо ёсць у сельскай гаспадарцы. Цяпер пастаўленая задача, як гэта маштабаваць на ўсю краіну".

Паводле слоў першага віцэ-прэм'ера, урад і Нацбанк дамовіліся актывізаваць працу па стварэнні рынку дрэнных даўгоў.

Крутой таксама зазначыў, што ў Беларусі праводзіцца комплексны маніторынг стану дзяржпрадпрыемстваў. "Пры працы з Сусветным банкам, Міжнародным валютным фондам, падчас ацэначных місій, якія праходзяць у нашай краіне, найважнейшы блок — гэта дзяржсектар, падзел прадпрыемстваў на стратэгічныя, прадпрыемствы сярэдняга ўзроўню і тыя, якія знаходзяцца ў нездавальняючым фінансавым стане", — сказаў ён.

Першы віцэ-прэм'ер таксама паведаміў, што хутка на вышэйшым узроўні адбудзецца абмеркаванне сістэмы карпаратыўнага кіравання. Неабходна ацаніць, як выкананыя задуманыя мерапрыемствы, як працуюць новыя наглядальныя саветы на прадпрыемствах, за якімі замацаваныя ў тым ліку вышэйшыя службовыя асобы, растлумачыў Крутой.

Акрамя таго, дадаў ён, трэба будзе падрыхтаваць закон аб дзяржпрадпрыемствах, які пазначаны як адзін з галоўных для новага складу парламента.

Крутой звярнуў увагу на неабходнасць дакладных правіл пры працы з інвестарамі. Ён прывёў прыклад Гродзенскай вобласці, дзе замежнаму інвестару планавалася прадаць некалькі стратных сельгаспрадпрыемстваў, але працэдура неабгрунтавана зацягнулася.

Гэта сігнал і Нацыянальнаму агенцтву інвестыцый і прыватызацыі, якое адказнае за выбудоўванне работы з інвестарамі, заявіў Дзмітрый Крутой.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239