Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/02/14/ru_1032802_123/
Дата раздрукоўкі: 06.08.2020 22:31
14.02.2020 13:48 Палітыка

Лукашэнка пра адносіны з Расіяй: Я ніколі не пайду на інкарпарацыю

Мінск, 14 лютага. У кіраўніцтве Расіі намякаюць на далучэнне Беларусі ў абмен на адзіныя цэны на энерганосьбіты, заявіў Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы 14 лютага з калектывам Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната. Але ні беларускі, ні расійскі народы ніколі не захочуць пайсці па гэтым шляху, дадаў ён.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, Лукашэнка распавёў падрабязнасці сваіх перамоваў з Уладзімірам Пуціным у Сочы 7 лютага. Паводле яго слоў, форма перамоў была своеасаблівай. Спачатку прэзідэнты сустрэліся за сняданкам, і ў такім фармаце перамовы працягваліся прыкладна паўтары гадзіны. На іх абмяркоўваліся праблемы яшчэ сярэдзіны мінулага стагоддзя, а затым бакі закранулі сучасныя пагрозы ў сваім рэгіёне і іншых частках свету. "Я акуратна выводзіў размову на тое, што разам мы шмат зрабілі", — распавёў Лукашэнка.

Пры абмеркаванні праблем у нафтавай сферы Пуцін, паводле слоў Лукашэнкі, засумняваўся ў тым, што Беларусі мэтазгодна купляць нафту ў іншых краінах: "Навошта вы будзеце гэта рабіць, калі яна ўсё роўна даражэйшая за расійскую?"

Беларусь, падкрэсліў Лукашэнка, працягне дыверсіфікаваць закупкі нафты, "каб кожны год 31 снежня не стаяць на каленях".

Выказванні Лукашэнкі прыводзіць і тэлеграм-канал "Пул Першага". "Памятайце — ваш першы прэзідэнт, якога вы калісьці абралі, ніколі не стане апошнім. Ужо пасля мяне — думайце, як жыць. Але і калі я буду жыць, але не буду прэзідэнтам, я буду заўсёды змагацца, каб наша зямля заставалася суверэннай і незалежнай", — цытуе "Пул Першага" кіраўніка дзяржавы.

"Яны разумеюць інтэграцыю як паглынанне Беларусі. Гэта не інтэграцыя — гэта інкарпарацыя! На гэта я ніколі не пайду", — падкрэсліў Лукашэнка.

Пасля гэтай фразы загучалі апладысменты, адзначае тэлеграм-канал.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239