Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/02/15/eu_1032945_123456/
Дата раздрукоўкі: 12.07.2020 10:19
15.02.2020 15:26 Палітыка, Грамадства, Беларусь — Еўрасаюз

У літоўскім сейме праходзіць міжнародная сустрэча супраць запуску БелАЭС

Мінск, 15 лютага. У літоўскім парламенце 15 лютага праходзіць міжнародная сустрэча супраць запуску Астравецкай АЭС, паведамляе грамадская кампанія ў абарону незалежнасці Беларусі "Свежы вецер" — "Канстытуцыя.бел".

Былы прэзідэнт Літоўскай Рэспублікі прафесар Вітаўтас Ландсбергіс выступіў з рэзкай заявай аб адсутнасці эканамічнага складніку ў праекце беларускай атамнай электрастанцыі.

"Астравецкая АЭС — гэта цалкам палітычны праект, ні пра якую эканоміку гаворкі няма. Сатэліт тут выконвае толькі дадатковую функцыю, дырыжор знаходзіцца ў Крамлі. Нашы суседзі з Усходу хацелі б запаліць яшчэ большую лямпачку Ільіча — і ім пляваць на ўсіх. Няхай Беларусь задумаецца, чаго каштуе сыр у пастцы", — прыводзіць кампанія словы былога прэзідэнта Літвы.

На яго думку, пуск БелАЭС — гэта апошняе скрыжаванне для Беларусі — застацца незалежнай ці растварыцца ў Расіі. "Яна была запланаваная як спосаб паглынуць Беларусь і як спосаб пагражаць Захаду. Здаецца, і Лукашэнка хоча, каб Беларусь засталася. Дык давайце супраціўляцца, Літва падтрымае. Ён павінен разумець, што выйграць у гэтым астравецкім покеры немагчыма. Ніякіх сумненняў наконт суседа з Усходу няма. Дык лепш ператасаваць карты і раздаць іх зноў", — канстатаваў Ландсбергіс.

Ён дадаў, што, абараняючыся ад будаўніцтва БелАЭС, Літва тым самым абараняе незалежнасць Беларусі.

Па тэлефоне з удзельнікамі сустрэчы звязалася лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры Святлана Алексіевіч. На пытанне, наколькі дапаможа націск Захаду на Лукашэнку, яна адказала, што заходнім краінам варта сканцэнтраваць свой націск на Крамлі, таму што Беларусь сёння гэтага зрабіць не ў стане.

Яна дадала, што вельмі важна павышаць узровень грамадзянскай свядомасці беларусаў. І прывяла прыклад, як на пастаноўку "Чарнобыльскай малітвы" сродкі былі сабраныя шляхам краўдфандынгу.

Былы міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін, які прысутнічаў на сустрэчы, прапанаваў Літве выкарыстоўваць метад бізуна і перніка ў адносінах з Беларуссю. "Прапануйце Беларусі тое, ад чаго яна не здолее адмовіцца. Чым хутчэй ЕС забяспечыць выхад Беларусі з ценю Расіі, тым лепш усім будзе. І ў інтарэсах Літвы на гэтым настойваць. Проста так пратэставаць — бессэнсоўна", — сказаў украінскі палітык.

Ён заклікаў зрабіць гэтыя дзеянні асноўным фокусам сумеснай палітыкі Украіны і Еўрасаюза.

У сустрэчы таксама прынялі ўдзел беларускія апазіцыйныя палітыкі Павел Севярынец, Анатоль Лябедзька і Дзмітрый Кучук.

Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць) непадалёк ад мяжы з Літвой за кошт крэдыту Расіі па тыпавым расійскім праекце ВВЭР-1200. Паводле апошніх заяў чыноўнікаў, увод у эксплуатацыю першага энергаблока АЭС запланаваны на 2020 год, другога — на 2021 год. Мяркуецца, што станцыя будзе выпрацоўваць 18 млрд кВт·г электраэнергіі штогод.

Самым актыўным крытыкам БелАЭС з`яўляецца Літва. У Вільнюсе перакананыя, што будаўніцтва станцыі вядзецца без выканання патрабаванняў бяспекі і экалагічных стандартаў. Беларусь гэтыя прэтэнзіі адхіляе. Раней парламент Літвы прыняў закон, закліканы абмежаваць імпарт электраэнергіі з Беларусі і Расіі. Літва заклікала суседзяў з ЕС (Латвію, Эстонію, Польшчу і Фінляндыю) не купляць электраэнергію з атамных электрастанцый у Беларусі і Калінінградскай вобласці Расіі.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239