Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/02/17/ru_1033019_741002/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 03:53
17.02.2020 10:30 Грамадства, Эканоміка

Мінпрацы: У 2030 годзе пятую частку насельніцтва краіны складуць пажылыя

Мінск, 17 лютага. Праз 10 гадоў пажылыя людзі будуць складаць пятую частку насельніцтва Беларусі. Такая ацэнка прыводзіцца ў абгрунтаванні пастановы ўрада, якой плануецца зацвердзіць нацыянальную стратэгію "Годнае даўгалецце — 2030".

Распрацоўшчыкам дакумента выступіла Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

У абгрунтаванні адзначаецца, што сацыяльна-дэмаграфічнае развіццё краіны "характарызуецца доўгатэрміновым працэсам старэння насельніцтва, які прагрэсуе". "На пачатак 2019 года доля пажылых грамадзян (65 гадоў і старэйшыя) у агульнай колькасці насельніцтва складала 15,2% (у 2010 годзе — 13,8%), што сведчыць пра высокі ўзровень старэння насельніцтва", — адзначаюць распрацоўшчыкі стратэгіі.

На іх думку, на працэсы старэння робіць уплыў зніжэнне ўзроўню нараджальнасці.

"Узмацняецца тэндэнцыя старэння насельніцтва. Згодна з дэмаграфічным прагнозам, блізу 2030 года доля пажылых грамадзян будзе складаць больш як пятую частку насельніцтва краіны (21%). Гэта паказвае на ўстойлівы характар і інтэнсіфікацыю працэсаў старэння ў перспектыве", — гаворыцца ў абгрунтаванні.

Распрацоўшчыкі звяртаюць увагу, што ва ўмовах старэння насельніцтва грамадства сутыкаецца з рызыкай зніжэння колькасці працаздольных грамадзян, зніжэннем фінансавай устойлівасці пенсійнай сістэмы, ростам дзяржаўных расходаў на ахову здароўя і сацыяльнае абслугоўванне.

"Колькасць і доля насельніцтва працаздольнага ўзросту з 2010 па 2019 год знізілася на 370 тыс. чалавек, або на 3,8 працэнтнага пункта, адпаведна дэмаграфічны цяжар насельніцтвам старэйшым за працаздольны ўзрост павялічыўся з 373 да 433 чалавек на 1.000 чалавек працаздольнага ўзросту", — канстатуюць аўтары стратэгіі.

На іх думку, прызнанне маштабу і ўстойлівасці працэсу старэння і яго сацыяльна-эканамічных і іншых наступстваў "абумоўлівае неабходнасць усебаковага ўліку пытанняў старэння пры прыняцці рашэнняў ва ўсіх сферах жыццядзейнасці грамадства і на ўсіх узроўнях дзяржаўнага кіравання".

У стратэгіі гаворыцца, што дзяржава збіраецца ў найбліжэйшыя 10 гадоў забяспечыць ахову правоў пажылых грамадзян, стымуляваць людзей да больш доўгага працоўнага жыцця, фармаваць "камфортны ўзровень" даходу пажылых.

З 17 па 27 лютага на сайце forumpravo.by пройдзе грамадскае абмеркаванне дакумента.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239