Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/02/17/ru_1033028_225588/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 03:44
17.02.2020 11:31 Эканоміка

Экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у 2019 годзе скараціўся амаль на 20%

Мінск, 17 лютага. Летась экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у грашовым выражэнні склаў 5,2 млрд долараў і скараціўся на 19,7% у параўнанні з 2018 годам, сведчаць афіцыйныя статзвесткі.

Паступленні ад экспарту нафтапрадуктаў зменшыліся ў 2019 годзе на 1,27 млрд долараў.

У фізічным выражэнні экспарт нафтапрадуктаў у 2019 годзе склаў 10,5 млн тон (-11,7%).

Імпарт нафты ў параўнанні з 2018 годам не змяніўся (18 млн тон). Пры гэтым летась быў рэзка скарочаны імпарт нафтапрадуктаў: у краіну іх паступіла 247,4 тыс. тон, што прыкладна ў 12 разоў менш, чым у 2018 годзе.

Аб зніжэнні экспарту нафтапрадуктаў у 2019 годзе раней папярэджваў віцэ-прэм`ер Ігар Ляшэнка. Ён адзначыў, што, паколькі Расія з 1 лістапада 2018 года абмежавала пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь, "мільён, можа паўтара мільёна тон" з экспарту нафтапрадуктаў у 2019 годзе можа "выпасці".

Расія пазалетась узняла пытанне аб абмежаванні паставак нафтапрадуктаў у Беларусь. Сваю ініцыятыву расійскія ўлады матывавалі стратамі бюджэту ў сувязі з магчымым рээкспартам нафтапрадуктаў з тэрыторыі Беларусі.

Восенню 2018 года паводле вынікаў перамоў урадаў дзвюх краін віцэ-прэм`еры Беларусі Ігар Ляшэнка і Расіі Дзмітрый Казак падпісалі пратакол аб унясенні змен у міжурадавае пагадненне аб мерах па ўрэгуляванні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў галіне экспарту нафты і нафтапрадуктаў. Пратакол прадугледжвае, што з лістапада 2018 года Беларусь з Расіі можа імпартаваць толькі нафтапрадукты, якія не вырабляе сама.

У 2020 годзе Беларусь адчувае складанасці з экспартам нафтапрадуктаў з-за адсутнасці кантрактаў на пастаўку расійскай нафты ў ранейшых аб`ёмах.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239