Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/02/18/ru_1033227_123/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 04:13
18.02.2020 16:16 Эканоміка

Румас: Беларусь хацела б павялічыць пастаўкі тэхнікі і харчавання ў Архангельскую вобласць

Мінск, 18 лютага. Беларусь зацікаўленая павялічыць пастаўкі тэхнікі і прадуктаў харчавання ў Архангельскую вобласць Расіі, заявіў 18 лютага прэм`ер-міністр Сяргей Румас на сустрэчы з губернатарам Архангельскай вобласці Ігарам Арловым.

"Прамыя кантакты з суб`ектамі Расійскай Федэрацыі з`яўляюцца асновай гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння Беларусі і Расіі, і Архангельская вобласць — наш надзейны, правераны часам гандлёвы партнёр. Па выніках мінулага года наш узаемны тавараабарот крыху знізіўся, але наогул ён збалансаваны, хоць, вядома, не адпавядае патэнцыялу нашых эканомік", — прыводзіць словы Румаса прэс-служба ўрада.

Кіраўнік беларускага ўрада прапанаваў абмеркаваць, што можна зрабіць для павелічэння тавараабароту да максімуму 2014 года. "Ёсць некалькі прапаноў з беларускага боку, дзе мы можам развіць нашу працу. Першае — гэта пашырэнне супрацоўніцтва ў частцы паставак кар`ернай, грузавой і дарожна-будаўнічай тэхнікі", — адзначыў прэм`ер-міністр.

Ён звярнуў увагу, што на тэрыторыі Архангельскай вобласці ёсць шэсць буйных прадпрыемстваў, якія здабываюць карысныя выкапні, там працуе больш за 100 "БелАЗаў". "Тэхніка добра зарэкамендавала сябе ў вашых кліматычных умовах. І мы спадзяемся, што працэс замены тэхнікі планава будзе працягвацца, тут мы гатовы прапанаваць свае магчымасці па фінансавым забеспячэнні паставак "БелАЗаў", — дадаў Румас.

Разам з гэтым у Беларусі выпускаецца шырокая лінейка грузавой і спецыяльнай тэхнікі, і беларускі бок таксама зацікаўлены ў павелічэнні аб`ёму паставак машын для патрэб дарожна-будаўнічых службаў і прадпрыемстваў ЖКГ.

На думку Румаса, яшчэ адзін перспектыўны кірунак для супрацоўніцтва — пастаўка пасажырскай тэхнікі. У прыватнасці, сваю прадукцыю ў Архангельскую вобласць можа пастаўляць МАЗ, яго пасажырская тэхніка карыстаецца попытам у рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі. Паводле слоў прэм`ер-міністра, гэта тлумачыцца якасцю тэхнікі і яе прыстасаванасцю да кліматычных умоў. "У 2020 годзе мы заключылі кантракт на пастаўку больш як 100 адзінак тэхнікі ў Санкт-Пецярбург. Лічым, што тэхніка МАЗа таксама магла б працаваць і ва ўмовах Архангельскай вобласці", — сказаў ён. Акрамя таго, Беларусь гатова пастаўляць электратранспарт.

Румас зазначыў, што Беларусь ужо набыла значны вопыт ва ўзвядзенні аб`ектаў інфраструктуры і жылой пабудовы ў рэгіёнах Расійскай Федэрацыі. "Лічым, што ў Архангельскай вобласці наш вопыт таксама можа быць запатрабаваны. Мы маглі б у комплексе спраектаваць, як гэта было ў Калужскай вобласці, беларускія кварталы. Такі метад узаемадзеяння магчымы ў Архангельску альбо ў Северадзвінску", — прапанаваў кіраўнік урада.

Беларусь таксама зацікаўленая развіваць супрацоўніцтва ў аграрным сектары. "Сёння аснову беларускага экспарту ў Архангельскую вобласць займаюць прадукты харчавання, і мы гатовы пашыраць пастаўкі. Гэта датычыцца як мясной, малочнай прадукцыі, так і іншых сектараў беларускай сельскай гаспадаркі", — растлумачыў Румас.

Акрамя таго, перспектыўным напрамкам для супрацоўніцтва можа быць турызм. "Для расійскіх грамадзян вялікую цікавасць уяўляюць нашы санаторыі, і з кожным годам колькасць турыстаў з Расіі расце", — заўважыў прэм`ер-міністр.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239