Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/02/20/ru_1033488_123/
Дата раздрукоўкі: 28.11.2020 19:54
20.02.2020 16:27 Эканоміка, Палітыка

Беларусь купіла два танкеры нафты з перавалкай у порце Клайпеды

Мінск, 20 лютага. Беларусь купіла два танкеры нафты з перавалкай у Літве. Прыбыццё суднаў чакаецца ў сакавіку, паведамілі БелаПАН у канцэрне "Белнафтахім".

Танкеры даставяць 160 тысяч тон нафты ў Клайпеду. Адкуль прыйдзе нафта, а таксама назвы танкераў "Белнафтахім" абяцае ўдакладніць пазней.

У канцы студзеня Беларусь закупіла 86 тысяч тон нафты ў Нарвегіі, якая была дастаўленая танкерам "Брэйвікен" у Клайпеду, а затым па чыгунцы перапраўленая на Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод.

Мінск займаецца пошукам альтэрнатыўных пастаўшчыкоў нафты з-за рознагалоссяў з Расіяй па цэнах на сыравіну. Беларускія НПЗ пакуль не падпісалі доўгатэрміновыя кантракты з буйнымі расійскімі пастаўшчыкамі. Закупка расійскай сыравіны ажыццяўляецца толькі па дамоўленасці з нафтавымі кампаніямі групы "Сафмар" блізкага да Лукашэнкі расійскага бізнесмена Міхаіла Гуцарыева.

Беларускія НПЗ працуюць на мінімальнай загрузцы, забяспечваючы ў першую чаргу патрэбы ў паліве на ўнутраным рынку.

Аляксандр Лукашэнка 14 лютага заявіў, што Беларусь не будзе плаціць прэміі расійскім нафтавым кампаніям, раз яны пастаўляюць прадукт па сусветнай цане. Паводле слоў Лукашэнкі, цяпер прапрацоўваецца пытанне паставак нафты праз Польшчу. "Мы зараз з Гданьска (купім у Саудаускай Аравіі, Эміратаў, Злучаных Штатаў Амерыкі) паставім па трубе", — растлумачыў ён.

Акрамя таго, заявіў Лукашэнка, разглядаецца варыянт паставак нафты з ЕС рэверсам па адной з ветак нафтаправода "Дружба". У гэтым выпадку "не Расія будзе па ім пастаўляць нафту на Захад, а Беларусь — пампаваць з Еўропы".

Для паставак нафты, паводле яго слоў, таксама будуць задзейнічаныя парты краін Балтыі. У гэтым пытанні "могуць паспрыяць Злучаныя Штаты". "Я прыбалтам прапаноўваю: мы можам купіць нафту на Балтыцы, запампаваць праз Літву ці Латвію (як дамовімся), перапрацуем і забяспечым увесь Прыбалтыйскі рэгіён", — сказаў кіраўнік дзяржавы пра магчымую схему работы Наваполацкага НПЗ.

Такім жа чынам, на яго думку, можа працаваць і нафтаперапрацоўчы завод у Мазыры. Нафта будзе паступаць праз Чорнае мора, а гатовай прадукцыяй яе перапрацоўкі Беларусь зможа забяспечваць усю Украіну і часткова Еўропу.

1 лютага дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа па выніках перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў, што амерыканскія "вытворцы энергарэсурсаў гатовыя забяспечыць" Беларусь "неабходнай нафтай на 100% па канкурэнтных цэнах".

У снежні 2019 года Беларусь і Расія ўзгаднілі індыкатыўны баланс паставак нафты, у адпаведнасці з якім у 2020 годзе Беларусь павінна атрымаць 24 млн тон расійскай нафты.

Аляксандр Ярашэвіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239