Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/02/21/ru_1033602_123/
Дата раздрукоўкі: 25.11.2020 14:27
21.02.2020 16:32 Эканоміка

Лукашэнка: Данкверту трэба сказаць, каб спыняў нас гнабіць, а то мы пойдзем проста на кітайскі рынак

Мінск, 21 лютага. На сустрэчы з губернатарам Архангельскай вобласці Расіі Ігарам Арловым у Мінску 21 лютага Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на высокую якасць беларускіх прадуктаў харчавання, якія пастаўляюцца ў розныя рэгіёны свету.

"Мы гандлюем не толькі ў Расіі, ужо вельмі шмат і ў Еўрасаюзе, але яшчэ больш з Кітаем, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Таму Данкверту (кіраўніку Рассельгаснагляда. — БелаПАН.) трэба сказаць, каб спыняў нас гнабіць, а то мы пойдзем проста на кітайскі рынак".

"Мы захоўваем вельмі вялікую цікавасць да прамых кантактаў з расійскімі рэгіёнамі, — падкрэсліў Лукашэнка. — Вы для нас наогул родны чалавек, мы жывем на поўначы, у нас шмат задач, якія трэба вырашаць". Беларусь, дадаў ён, мае дастатковыя аб`ёмы прамысловай прадукцыі і тавараў народнага спажывання для гандлю з расійскім рэгіёнам.

На думку Лукашэнкі, адна са сфер, дзе ёсць перспектывы для нарошчвання ўзаемадзеяння, — гэта будаўніцтва. "Калі вы нам даручыце нейкі квартал па жыллі зрабіць пад ключ, праектаваць, праводзіць даследаванні і будаваць, як мы звычайна ў расійскіх губернях робім, — калі ласка, мы можам паказаць нашы магчымасці. Калі вам спадабаецца, будзеце нас прыцягваць", — прапанаваў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама заявіў пра магчымасць абсталявання дамоў у Архангельскай вобласці сучаснымі беларускімі ліфтамі. "Мы значна мадэрнізавалі свае заводы па вытворчасці ліфтавага абсталявання і можам ліфты рабіць хоць для касмадрома, хоць для самалётаў, верталётаў і звычайных жылых дамоў", — сказаў Лукашэнка.

Акрамя таго, адзначыў ён, Беларусь мае вялікі вопыт машынабудавання ад транспарціроўкі грузаў да лесанарыхтовак: "Стварылі практычна ўсю лінейку лясной тэхнікі, вучыліся па ўсім свеце і зрабілі не горш. Там, дзе вузлы складаныя і мы яшчэ не ўмеем так якасна вырабляць, мы іх купляем у еўрапейцаў".

Беларусь, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, гатова падзяліцца з Архангельскай вобласцю і сваім вопытам па развіцці сельскай гаспадаркі. "Мы з вамі знаходзімся ў зоне рызыкоўнага земляробства. Мы можам вам дапамагчы і ў племянной справе, і ў вырошчванні агароднінных культур, абсталяванні малочна-таварных ферм, цяплічных комплексаў", — сказаў Лукашэнка.

У якасці прыкладу ён прывёў эфектыўнае супрацоўніцтва з Егіптам, дзе Беларусь будуе і абсталёўвае цяпліцы. "Мы дамовіліся (падчас нядаўняга візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Егіпет. — БелаПАН.), што больш будзем будаваць цяпліц, таму што там яны могуць зімой вырасціць тое, чаго няма ў нас, і нам прадаць, дапусцім, клубніцы", — сказаў Лукашэнка.

Менавіта развіццё эфектыўнай цяплічнай гаспадаркі, паводле яго слоў, дае магчымасць Беларусі вырошчваць агародніну, якая канкурэнтная ў тым ліку і на расійскім рынку. "Хоць розніца па цэнах на прыродны газ у нас з вамі амаль у два разы, а па нафце на 50% у нас цэны вышэйшыя, чым у Расіі. Нават у гэтай сітуацыі мы канкурэнтныя на вашым рынку па агурках, перцах, баклажанах, памідорах", — дадаў ён.

Лукашэнка прапанаваў арганізаваць сумесныя прадпрыемствы па асваенні тарфяных радовішчаў, якімі багатая Архангельская вобласць. "Усё, пра што вы тут дамовіліся, я вам гарантую, мы гэта рэалізуем. Мы вельмі адказныя людзі, — запэўніў ён расійскага губернатара. — Мы ад гэтага маем даход, вядома, не такі, як у Расіі ад нафты і прыроднага газу. З гэтага жыве ўся Беларусь. Праца з вамі — гэта не дабрачыннасць. Гэта наша жыццё, наша праца, ад якой мы атрымліваем хоць невялікі, але прыбытак".

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239