Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/02/26/eu_1034057_214587/
Дата раздрукоўкі: 06.04.2020 05:28
26.02.2020 15:45 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Дэлегацыя Еўрапарламента адмяніла сустрэчу з беларускімі дэпутатамі (дапоўнена)

Мінск, 26 лютага. Адмененая запланаваная 26 лютага ў Палаце прадстаўнікоў сустрэча дэлегацыі Еўрапарламента з беларускімі дэпутатамі. Яна не адбудзецца з ініцыятывы еўрапейскага боку, паведаміў журналістам старшыня пастаяннай камісіі па міжнародных справах ніжняй палаты Андрэй Савіных.

"Са шкадаваннем вымушаныя паведаміць, што сустрэча, якая была запланаваная з дэлегацыяй Еўрапарламента, не адбудзецца, — сказаў Савіных. — Сустрэча не будзе праведзеная па віне еўрапейскага боку".

Паводле яго слоў, беларускія дэпутаты "былі гатовыя да дыялогу ў кантэксце нашых традыцыйных каштоўнасцей у беларускай знешняй палітыцы".

"Мы заўсёды выступаем за ўзаемавыгадны і адкрыты дыялог, — падкрэсліў Савіных. — На жаль, сёння наша працягнутая рука засталася пустой. Ну што ж, мы ў любым выпадку працягнем адкрытую палітыку. Будзем спадзявацца, што калі-небудзь нашы еўрапейскія партнёры зразумеюць значнасць і каштоўнасць такога падыходу".

БелаПАН не ўдалося атрымаць аператыўны каментар у прадстаўніцтве Еўрасаюза пра прычыны адмены гэтай сустрэчы.

Крыніца ў Палаце прадстаўнікоў паведаміла БелаПАН, што беларускі бок аб адмене сустрэчы апавясцілі за 15 хвілін да яе меркаванага пачатку. "Відаць, у апошні момант варухнуўся стары стэрэатып, што раз не прызналі беларускі парламент, то не могуць зайсці на яго тэрыторыю. Гэта экзатычныя паводзіны, якія не ўкладаюцца ў межы цвярозага розуму, — адзначыў суразмоўца. — Адмаўляцца ад дыялогу, калі мы маем развіццё адносін з іншымі структурамі ЕС па розных тэмах, выглядае безадказным".

Дэлегацыя Еўрапарламента 24 лютага прыбыла ў Мінск. У яе складзе намеснікі кіраўніка дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Вальдэмар Тамашэўскі (Літва) і Карын Карлсбра (Швецыя), а таксама пастаянны дакладчык Еўрапарламента па Беларусі Пятрас Аўштравічус (Літва).

Мэта візіту, які будзе доўжыцца да 28 лютага, — азнаямленне новаабраных членаў Еўрапарламента з сітуацыяй у краіне і асноўнымі напрамкамі супрацоўніцтва паміж Еўрасаюзам і Беларуссю.

Падчас візіту запланаваныя сустрэчы еўрапарламентарыяў з прадстаўнікамі беларускай улады, палітычнай апазіцыі, аналітычных цэнтраў і грамадзянскай супольнасці, студэнтамі.

На сустрэчы з журналістамі 25 лютага Карын Карлсбра заявіла, што ў Беларусі і Еўрасаюза ёсць магчымасці для больш глыбокага развіцця адносін. Яна нагадала, што новы склад Еўрапарламента быў абраны летась. "Гэты візіт я расцэньваю як азнаямленчы з сітуацыяй у Беларусі і таго, як можна палепшыць нашы адносіны, — сказала еўрадэпутат. — У нас цяпер ёсць магчымасці для больш глыбокага развіцця адносін паміж ЕС і Беларуссю". На думку парламентарыя, бакі могуць актыўна развіваць супрацоўніцтва ў трох важным абласцях: дэмакратычнае развіццё, ахова навакольнага асяроддзя і клімату, развіццё гандлю. "Правы чалавека — вельмі важная тэма для ЕС. І мы яе падымаем у нашых адносінах з усімі краінамі", — падкрэсліла Карлсбра.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239