Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/02/27/ru_1034161_587496/
Дата раздрукоўкі: 01.12.2020 07:48
27.02.2020 13:51 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка: Мы прыхільныя рэальнай інтэграцыі без прымусу

Мінск, 27 лютага. Беларусь прыхільная рэальнай інтэграцыі без прымусу, заявіў Аляксандр Лукашэнка 27 лютага ў Мінску на сустрэчы са старшынёй калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаілам Мясніковічам.

"Мы застаемся, як заўсёды, адданыя рэальнай інтэграцыі без прымусу да інтэграцыі (новы тэрмін з`явіўся ў саюзе — "прымус да інтэграцыі"). І дзіўна, што пачалося гэта з прымусу да інтэграцыі Беларусі. Разумееце, пра што ідзе гаворка", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Ён нагадаў, што яшчэ разам з першым прэзідэнтам Расіі Барысам Ельцыным Беларусь ініцыявала "рэальную інтэграцыю нашых дзяржаў — Расіі і Беларусі: эканомік, жыцця людзей і гэтак далей, захоўваючы суверэнітэт і незалежнасць". "Мы тады наогул не казалі пра тое, што хтосьці павінен страціць суверэнітэт і незалежнасць. Пры ўсіх цяжкасцях у тыя часы мы знаходзілі развязкі па складаных пытаннях. Калі разбагацелі, асабліва Расія, пачаліся незразумелыя штурханіна і валтузня. І, як я ўжо сказаў, прымус да інтэграцыі", — падкрэсліў Лукашэнка. Беларусь, дадаў ён, "выступае за рэальную інтэграцыю на класічных прынцыпах, якія ведае ўвесь свет".

Закранаючы тэму беларуска-расійскіх адносін, кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што "Расія ў ролі вядучай краіны павінна генераваць ідэі і ўвасабляць іх у жыццё, ісці ў авангардзе". "Гэта не толькі з намі. Проста тое, што адбываецца з Беларуссю, — гэта больш відавочна, гэта ў СМІ, гэта вельмі балюча, магчыма, для асобных у Расіі. Хоць я сумняваюся, што там балюча. Ідзе балбатня і рознага кшталту накаты і прапаганда. Вы, напэўна, чытаеце ўсе гэтыя СМІ. Я ўжо нагадваў, што ўзялі за два тыдні (публікацыі. — заўв.) і прэзідэнту Расіі перадалі ўсе, што пішуць пра Беларусь, беларускага прэзідэнта і гэтак далей. Але добра, гэта іх справа", — сказаў Лукашэнка.

Ён лічыць, што ў Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) "не хапае дэклараваных свабод". "Тых свабод, якія мы некалі дэкларавалі, сёння практычна няма. Або яны ёсць, можна сказаць мякка, не ў поўным аб`ёме. Дапусцім, свабоднае перамяшчэнне тавараў, паслуг, працоўнай сілы і капіталу. Гэта падмурак будаўніцтва нашага саюза. Мы да гэтага часу гэтага не маем. І ведаеце чаму — пафігізм, які грунтуецца на нейкай абыякавасці асобных дзяржаў. Іншыя бачаць сябе ў іншым саюзе, проста целяпаюцца ў ЕАЭС і чакаюць нейкага зручнага моманту, каб выскачыць з яго. Ці ж проста так: няхай, і далей будзем целяпацца. Павінны быць рэалізаваныя хаця б гэтыя класічныя адзіныя прынцыпы. Гэтага пакуль няма", — заявіў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што ў ЕАЭС зараз ёсць 14 выключэнняў, 37 абмежаванняў і 15 бар`ераў. "Іх жа даўно трэба было зняць. У іншым выпадку якая цікавасць у гэтым саюзе? Што нас трымае ў саюзе, бо навокал перашкоды, бар`еры і канфіскацыі?" — пацікавіўся Лукашэнка. Саюз, нагадаў ён, будуецца для таго, каб стварыць роўныя ўмовы для кампаній, прадпрыемстваў і людзей. "Але з таго часу, як пачалі будаўніцтва саюза, мы ўсё больш і больш адыходзім ад гэтых роўных умоў. Больш за тое, пачынаюцца незразумелыя патрабаванні і прымусы, манапалізм", — сказаў Лукашэнка.

"Няма ў нас адзінай прамысловай, аграрнай палітыкі, абсалютна няма. Замест таго каб дамовіцца і працаваць і гэтым самым аб`ядноўвацца, паказваць прыклад тым, хто не ўступіў у наш саюз, мы пачалі нейкую каніцель і валтузню, якая даходзіць да мардабою. Хто ж будзе жадаць у такі саюз уступаць, калі мы самі не можам у гэтым разабрацца — тры дзяржавы, якія стварылі гэты саюз, і Кыргызстан і Арменія, што далучыліся", — адзначыў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, "нічога ў гэтым плане не трэба ўтойваць". "Мы павінны падчас свайго старшынства сумленна і адназначна ўносіць прапановы. У кожнага ж права вета. Пагодзіцца тая ці іншае дзяржава або не, гэта яе права. Але мы павінны на фундаментальных прынцыпах урэшце пачаць будаўніцтва гэтага саюза, калі жадаем яго пабудаваць. Калі не, не трэба пудрыць адзін аднаму мазгі, — кожны будзе шукаць свой кірунак развіцця і думаць, дзе яму быць", — заявіў Лукашэнка.

Стратэгічныя напрамкі развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года павінны стаць сур`ёзным дакументам без усялякіх агаворак, дадаў афіцыйны лідар. "Мы плануем падпісаць у маі гэтага года ў Мінску стратэгію інтэграцыі да 2025 года, — сказаў Лукашэнка. — Вядома, мы павінны прапанаваць сур`ёзны варыянт гэтай стратэгіі. Без усялякіх там агаворак і гэтак далей. Калі мы хочам пабудаваць наш саюз на рэальных прынцыпах інтэграцыі (а мы іх павінны ў гэтай стратэгіі яшчэ раз нагадаць, калі нехта забыўся), мы павінны прапанаваць рэальную праграму гэтай інтэграцыі".

Лукашэнка лічыць, што працу па стварэнні агульных рынкаў у ЕАЭС трэба праводзіць, не чакаючы 2025 года: "Трэба прадугледзець, каб не атрымалася так: у снежні 2024 года збяромся, і, як звычайна, пра нешта не дамовіліся, нехта не гатовы працаваць згодна з адзінымі прынцыпамі рынку нафты, газу, аграрнай, алкагольнай прадукцыі. І мы пачынаем потым канфіскацыі выдумляць нейкія ці пакідаць абмежаванні і гэтак далей. Таму трэба да 2025 года ісці паэтапна".

Пры гэтым беларускі кіраўнік выказаў меркаванне, што стрыжнем ЕАЭС з`яўляюцца адносіны Беларусі і Расіі. "Гэта паказчык, маяк. Мы тут павінны былі дэманстраваць. І прытым, мы ж не просім чагосьці ў свайго галоўнага саюзніка, як і іншых. Мы самі здольныя зарабіць і больш аддаць, як гэта было ў савецкія часы. Беларусь больш заўсёды аддавала ў саюзны бюджэт, чым адтуль атрымлівала. І мы гатовыя сёння ў гэтым кірунку працаваць, але павінна быць гэта прынцыпова, сумленна і прыстойна", — падкрэсліў Лукашэнка.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239