Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/02/28/ru_1034249_123/
Дата раздрукоўкі: 24.09.2020 00:37
28.02.2020 11:13 Грамадства

БНТУ пераводзяць на індывідуальную праграму навучання ў сувязі з выяўленнем у студэнта каранавіруса (дапоўнена)

Мінск, 28 лютага. Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (БНТУ) пераводзіцца на індывідуальную праграму навучання ў сувязі з выяўленнем каранавіруса COVID-2019 у студэнта, які прыбыў з Ірана. Пра гэта паведаміў журналістам 28 лютага міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік.

"Цяпер сумесна з Мінадукацыі мы арганізоўваем для студэнтаў БНТУ індывідуальную праграму навучання для таго, каб максімальна раз`яднаць патокі руху пацыентаў і выключыць іх скрыжаванне", — сказаў ён.

Паводле слоў міністра, студэнт БНТУ з Ірана знаходзіцца ў Мінскай гарадской інфекцыйнай бальніцы. Ён прыбыў у Беларусь 22 лютага авіярэйсам з Баку. "Мы звязаліся з азербайджанскімі калегамі і высветлілі, што студэнт 20 лютага на маршрутным таксі прыехаў у Баку, а 22 чысла прыляцеў у Беларусь. Улічваючы, што 22 лютага Іран яшчэ не адносіўся да краін з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй, малады чалавек прайшоў стандартны кантроль, але з ужываннем цеплавізара. Прыкмет захворвання ў яго на той момант не было", — сказаў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя.

Студэнта выклікалі на індывідуальнае абследаванне ў 33-ю гарадскую студэнцкую паліклініку. На момант агляду ніякіх скаргаў у яго не было, аднак медработнікаў занепакоіла тэмпература 37,3°C і пачырваненне ў горле. Хлопца адвезлі ў бальніцу, узялі пробы.

"Пацверджаная наяўнасць сямейства каранавірусаў. Зараз мы ўдакладняем, наколькі гэта эпідэміялагічна важны штам. Мы пераправяраем дадзеныя рознымі тэстамі, каб пераканацца, што маем справу менавіта з COVID-19. У дадзенага студэнта не было кашлю — асноўнай крыніцы заражэння іншых. Гэта выклікае аптымізм", — сказаў Каранік.

Ён растлумачыў, што COVID-19 з усёй групы каранавірусаў найменш смяротны. "Ён проста больш эпідэміялагічна актыўны, лягчэй распаўсюджваецца", — дадаў ён.

Пра сітуацыю Міністэрства аховы здароўя адразу ж інфармавала грамадскасць і Сусветную арганізацыю аховы здароўя. Грамадзяне, якія сумесна пражываюць са студэнтам у кватэры, шпіталізаваныя для назірання. "Іх стан абсалютна здавальняючы. Тэмпература 37,4°C і вышэй не падымаецца. Акрамя таго, праводзяцца супрацьэпідэміялагічныя мерапрыемствы са студэнтамі, з якімі вучыўся іранец. Яны таксама пераведзеныя пад медыцынскае назіранне", — сказаў міністр.

Акрамя таго, пад наглядам знаходзяцца лекар, які абследаваў студэнта, і брыгада хуткай медыцынскай дапамогі, што даставіла яго ў бальніцу.

Каранік падкрэсліў, што праца па прафілактыцы завозу і распаўсюджвання ў Беларусі каранавіруса праводзіцца пастаянна ў рэжыме 24/7. Міністэрства аховы здароўя пастаянна сочыць за абнаўленнем пераліку краін з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй. "Да 19 лютага ў Іране не было ніводнага выпадку каранавіруса, а 26 чысла фіксаваўся рэзкі рост колькасці хворых. Таму было прынята рашэнне аднесці Іран да краін з неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкай. Усіх грамадзян Ірана, якія ўехалі ў Беларусь пасля 20 лютага, выклікалі на абследаванне".

"Мы працягнем працу строга ў адкрытым рэжыме. Ні жадання, ні магчымасцяў утойваць сітуацыю ў нас няма", — заявіў Каранік.

Акрамя таго міністр аховы здароўя паведаміў, што пад наглядам медыкаў у Брэсце знаходзіцца беларуска, якая вучыцца ў Мілане (Італія). "У сувязі з закрыццём міланскага ўніверсітэта (на каранцін) дзяўчына разам з бацькамі ехала дадому. Па дарозе яна атрымала інфармацыю, што ў яе суседкі па пакоі былі выяўленыя прыкметы каранавіруса. У Варшаве бацькі студэнткі звязаліся з прадстаўнікамі Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Ім парэкамендавалі не карыстацца грамадскім транспартам. Мы звязаліся з беларускім пасольствам у Варшаве, яны забяспечылі дастаўку дзяўчыны і яе бацькоў на сваёй машыне да беларускай мяжы. Там яе сустракала хуткая дапамога з Брэста. Зараз усе трое знаходзяцца ў Брэсцкай інфекцыйнай бальніцы. Прыкмет захворвання ні ў каго з іх няма", — распавёў Каранік.

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239