Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/02/28/ru_1034345_874512/
Дата раздрукоўкі: 02.04.2020 18:23
28.02.2020 16:47 Эканоміка

Мінэканомікі: Мы не можам абапірацца на інтэграцыю ў ЕАЭС як вызначальны фактар развіцця

Мінск, 28 лютага. Беларусь пры выбудоўванні сваёй эканамічнай палітыкі не можа абапірацца на інтэграцыю ў ЕАЭС як вызначальны фактар развіцця, заявіў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў 28 лютага на пашыраным пасяджэнні калегіі ведамства.

Ён заўважыў, што беларускі бок выступае за ліквідацыю рознага кшталту выключэнняў і абмежаванняў з гандлю ў межах ЕАЭС, аднак іншыя краіны "не гатовыя да паўнавартаснай кааперацыі".

"Гэта азначае, што, вызначаючы стратэгічныя вектары развіцця эканомікі, мы не можам спадзявацца на фактар саюзнай інтэграцыі як вызначальны. Пра гэта ж сведчыць працэс падрыхтоўкі дакументаў у межах Саюзнай дзяржавы", — заявіў Чарвякоў.

Таму, падкрэсліў ён, Беларусі трэба развіваць эканамічную інтэграцыю і па іншых напрамках.

"Трэба выкарыстоўваць для прасоўвання беларускага экспарту пагадненні паміж ЕАЭС і трэцімі краінамі. Таксама не задзейнічаны патэнцыял двухбаковага супрацоўніцтва ў гандлі паслугамі і інвестыцыямі", — сказаў Чарвякоў.

На яго думку, новыя напрамкі эканамічнай інтэграцыі могуць зрабіць значны ўнёсак у прырост ВУП.

"Папярэднія ацэнкі паказваюць, што новыя напрамкі эканамічнай інтэграцыі могуць забяспечыць прырост ВУП на 5-6 млрд долараў да канца наступнай пяцігодкі. Неабходнае аналітычнае забеспячэнне гэтай задачы", — адзначыў Чарвякоў і даручыў падрыхтаваць маладых аналітыкаў, якія дапамогуць Мінэканомікі правесці аналіз інтэграцыйных працэсаў.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН