Міністэрства аховы здароўя: Пацверджаныя тры выпадкі захворвання на каранавірус

Паводле яе слоў, праведзеныя тэсты маюць "высокую ступень дакладнасці", медыкі ўпэўненыя ў выніках працы беларускіх лабараторый. Тым не менш тэсты будуць пераправяраць у лабараторыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. "Існуе такая практыка — накіроўваць як станоўчыя, так і адмоўныя вынікі для яшчэ аднаго пацвярджэння, — растлумачыла Жукава. — Трэба адзначыць, што і мы самі праводзім паралельныя даследаванні не ў адной лабараторыі, для таго каб пераканацца і дакладна разумець, наколькі правільныя нашы вынікі".
Галоўны санітарны ўрач паведаміла, што для сістэмы аховы здароўя станоўчыя вынікі тэстаў на каранавірус азначаюць "вялікі аб`ём працы па пошуку і абследаванні кантактаў заражаных". Жукава падкрэсліла, што проста так, па жаданні, здаваць тэсты не трэба. "Парадак абследавання эпідэміялагічна абгрунтаваны і адпавядае сітуацыі ў краіне. Перш за ўсё абследуюцца тыя, хто наведаў эпідэміялагічна неспрыяльныя краіны. Затым — блізкія кантакты тых, хто захварэў, а таксама асобы з сімптомамі захворвання, якія наведвалі гэтыя краіны ці кантактавалі з людзьмі, што вярнуліся з іх", — сказала прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя.
Жукава падкрэсліла, што абследаванне праводзіцца толькі паводле прызначэння лекара. У цэлым, запэўніла яна, эпідэміялагічная сітуацыя ў краіне нармальная, сезоннае захворванне на вострыя рэспіраторныя інфекцыі на 5—10%, у залежнасці ад рэгіёна, ніжэйшае за ўзровень мінулага года. У межах абследавання на каранавірус у людзей выяўляюць ВРЗ, розныя вірусныя інфекцыі, у тым ліку адзінкавыя выпадкі грыпу.
Начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі і экспертызы Міністэрства аховы здароўя Алена Богдан падкрэсліла, што тры пацверджаныя выпадкі COVID-19 выяўленыя "ў выніку прыняцця прэвентыўных мер". Два пацыенты знаходзяцца ў медустановах Мінска, яшчэ адзін (жанчына) — у Віцебску. На просьбу расказаць пра гэтых людзей Богдан заявіла, што ўрачы не могуць без згоды пацыентаў выдаваць такія звесткі.
Начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскай вобласці Юрый Дзяркач пацвердзіў, што пацыентка ў Віцебску знаходзіцца ў абсервацыйным аддзяленні, яе стан здавальняе, тэмпература нармальная, лячэнне не патрабуецца.
Паводле інфармацыі міністэрства, зараз пад наглядам ва ўстановах аховы здароўя краіны знаходзіцца 271 чалавек. Выпісана 247 чалавек, у тым ліку студэнты з Кітая, якія знаходзіліся ў санаторыі "Брыганціна" і рэабілітацыйным цэнтры "Загор`е".
Міністэрства аховы здароўя не плануе ініцыяваць адмену масавых мерапрыемстваў і закрываць на каранцін установы адукацыі. "Мы не ставім такой задачы, для гэтага няма падстаў", — заявіла Жукава.