Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/03/03/ru_1034634_123/
Дата раздрукоўкі: 29.11.2020 13:41
03.03.2020 12:41 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка: Мы самі вінаватыя, што не дыверсіфікавалі пастаўкі нафты

Мінск, 3 сакавіка. "Асобныя дзяржавы зразумелі, што пры дапамозе вентыля на нафтавай трубе выгадныя ім пытанні вырашаюцца значна лягчэй", — заявіў Лукашэнка 3 сакавіка на нарадзе па нафтаперапрацоўчым комплексе. Пры гэтым ён дадаў: "Мы самі вінаватыя, што не дыверсіфікавалі ў свой час пастаўкі нафты".

"Не думайце, што я намякаю тут толькі на Расію — гэта стала нормай для дзяржаў планеты, якія маюць ад Госпада такое шчасце", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

"На жаль, нягледзячы ні на якія ўзаемныя абавязацельствы, такая практыка стала прымяняцца і ў дачыненні да Беларусі. Умовы пастаўкі нафты ва ўльтыматыўнай форме звязваюцца з іншымі праблемамі, якія жадае вырашыць краіна-пастаўшчык. Адбываецца гэта без аглядкі на дзейную дагаворную базу і прынцыпы пабудовы нашых адносін", — адзначыў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, Беларусь недаатрымлівае каля 1 млн тон нафты штомесяц. "І справа тут не толькі ў тым, што хтосьці за вентыль хапаецца, — падкрэсліў Лукашэнка. — Справа яшчэ і ў тым, што мы самі вінаватыя, што не дыверсіфікавалі ў свой час пастаўкі нафты. Манапалізм заўсёды прыводзіць да падобных вынікаў". Кіраўнік дзяржавы разлічвае на тое, што ў праграме развіцця Беларусі на чарговыя пяць гадоў "будзе сфарміраваны канкрэтны план, як знізіць значнасць умоў паставак нафты для фарміравання ВУП".

Разам з тым ён адзначыў, што наяўная сітуацыя ў нафтавай сферы "апынулася нават у чымсьці карыснай". "Мы неапраўдана зацыкліліся на некалькіх пастаўшчыках і не маем доўгатэрміновых альтэрнатыўных крыніц сыравіны, — растлумачыў Лукашэнка. — Нафта — не манапольны тавар, і ахвотных працаваць з намі дастаткова нават у самой Расіі. Пастаўшчыкоў трэба знаходзіць, з імі трэба дамаўляцца. Гэта задача "нумар адзін", асабліва ў цяперашняй няпростай сітуацыі, якая склалася ў свеце, у тым ліку з нашым партнёрам-манапалістам. Як паведамляюць самі расіяне, пастаўкі нафты ў Кітай у іх скараціліся на траціну. І не толькі ў Кітай".

Лукашэнка адзначыў, што "нафта сёння імгненна таннее", і гэта ідзе на карысць Беларусі — "падштурхоўвае" дзяржаву да таго, каб дамаўляцца з пастаўшчыкамі "не толькі ў Расіі, але і альтэрнатыўнымі".

"Пры гэтым мы не ставім пытанне так, што мы не будзем купляць расійскую нафту. Будзем. Колькі б яна ні каштавала, будзем, таму што гэтая нафта, здабыча яе і транспарціроўка стваралася ў тым ліку і рукамі беларусаў, тых пакаленняў, за якімі мы з вамі прыйшлі. І лагістыка тут самая зручная. Але мы, вядома ж, не будзем поўзаць 31 снежня пастаянна на каленях, вымольваючы гэтую нафту. І калі знікне манапалізм, лягчэй будзе дамаўляцца і па цэнах", — падкрэсліў Лукашэнка.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239