Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/03/04/ru_1034736_123/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 09:17
04.03.2020 09:43 Грамадства

Расійскі тэлеканал назваў "нявымушанай памылкай" сваё паведамленне пра выпадак смерці ад каранавіруса ў Беларусі

Мінск, 4 сакавіка. Першы канал расійскага тэлебачання прызнаў памылкай сваё паведамленне пра смерць ад каранавіруса ў Беларусі.

У вячэрнім выпуску праграмы "Время" ад 3 сакавіка вядучы Кірыл Кляймёнаў адзначыў, што наступствы каранавіруса для арганізма, магчыма, больш "разнастайныя і больш складаныя", чым думалі спецыялісты, і заявіў, што гаворка пра "неадэкватныя паводзіны, выкліканыя думкамі пра гэты самы вірус".

"Нашы беларускія калегі пакрыўдзіліся на нядзельную праграму "Время ". У ёй мы паведамілі, што ў ліку краін, дзе ёсць ахвяры каранавіруса, братэрская Беларусь. Нібыта там памёр чалавек. Калегі! Браты! Гэта памылка. Наша памылка. Але, як кажуць, нявымушаная, выпадковая. Але ўсё роўна, прабачце, памыліліся. Ніхто не памёр у Беларусі, усе жывыя", — сказаў Кляймёнаў.

Інфармацыя пра тое, што ад каранавіруса "першыя смерці зафіксаваныя ў ЗША, Аўстраліі, Тайландзе, Беларусі", прагучала ў эфіры тэлеканала 1 сакавіка. Беларускае Міністэрства аховы здароўя заявіла, што ў дачыненні да краіны гэта "з`яўляецца хлуснёй і не мае нічога агульнага з рэчаіснасцю". "У Рэспубліцы Беларусь на сённяшні дзень зарэгістраваныя тры выпадкі, у якіх вылучаны фрагмент РНК, што верагодна, належыць тыпу каранавіруса COVID-19. Усе тры пацыенты адчуваюць сябе здавальняюча, клінічных сімптомаў захворвання ў іх няма, — адзначалася ў прэс-рэлізе ведамства. — У сувязі з распаўсюджваннем фэйкавай інфармацыі ў дачыненні да нашай краіны будуць прынятыя адпаведныя меры рэагавання таксама па лініі Міністэрства замежных спраў".

Міністэрства аховы здароўя, МЗС і Мінінфарм заклікалі журналістаў быць адказнымі, уважлівымі і пераправяраць інфармацыю, што датычыць "такой балючай для насельніцтва тэмы, як каранавірусная інфекцыя".

На вечар 3 сакавіка ў краіне было лабараторна пацверджана чатыры выпадкі захворвання на каранавірус COVID-2019.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239