Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/03/04/ru_1034739_123/
Дата раздрукоўкі: 12.06.2021 20:07
04.03.2020 09:55 Грамадства

Па справе аб выбухах падчас салюту 3 ліпеня ў Мінску абвінавачванне выстаўленае двум супрацоўнікам прадпрыемства — вытворцы феерверачных вырабаў і камандзіру роты Мінскай ваеннай камендатуры

Мінск, 4 сакавіка. Галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэта завяршыла расследаванне крымінальнай справы аб выбухах салютных установак 3 ліпеня 2019 года ў Мінску, паведаміў аддзел інфармацыі і сувязі з грамадскасцю СК. Абвінавачванне выстаўленае двум супрацоўнікам прадпрыемства — вытворцы феерверачных вырабаў і камандзіру роты Мінскай ваеннай камендатуры.

Паводле інфармацыі камітэта, падчас следства ўстаноўлена, што напярэдадні правядзення салюту супрацоўнікі Мінскай ваеннай камендатуры выявілі неадпаведнасць большай часткі піратэхнічных вырабаў калібру 195 мм, што прызначаліся для святочнага салюту, нарматыўна-тэхнічнай дакументацыі. Закупленая раней у расійскай кампаніі піратэхніка мела брак, дапушчаны на прадпрыемстве-вытворцы. Калібр вырабаў перавышаў норму, што не дазваляла зарадзіць іх у ствалы салютных установак у штатным парадку, яны падлягалі безумоўнай адбракоўцы і не маглі бяспечна выкарыстоўвацца пры правядзенні салюту. Па ўзгадненні з камендатурай для выпраўлення на месцы выяўленых дэфектаў і замены бракаваных вырабаў у Мінск прыбылі два інжынеры прадпрыемства-вытворцы.

У працэсе зараджання салютных установак феерверачнымі вырабамі інжынеры разам з камандзірам роты Мінскай ваеннай камендатуры дапрацоўвалі іх "шляхам унясення зменаў (памяншэнне дыяметра шляхам механічнага ўздзеяння)", якiя не прадугледжаныя інструкцыяй па эксплуатацыі, нарматыўнай і тэхнічнай дакументацыяй. Такія змены прыводзілі вырабы ў небяспечны для выкарыстання стан, што пацвярджаецца вынікамі экспертных даследаванняў і следчага эксперыменту.

У восем салютных установак было зараджана 480 феерверачных вырабаў калібру 195 мм, больш за 190 з якіх не маглі быць выкарыстаныя для бяспечнага правядзення салюту.

З прычыны дапушчаных парушэнняў пры правядзенні салюту "адбыліся няштатныя сітуацыі: выбухі вырабаў на нізкай вышыні і ў ствалах марцір, у выніку якіх адзін чалавек загінуў, яшчэ адзінаццаць пацярпелі". Шкода маёмасці фізічных і юрыдычных асоб нанесеная на агульную суму звыш 740 тыс. рублёў.

Супрацоўнікам прадпрыемства — вытворцы феерверачных вырабаў выстаўленае абвінавачванне на падставе ч. 2 арт. 299 (парушэнне правілаў абыходжання з піратэхнічнымі вырабамі, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека і прычыненне шкоды ў буйным памеры) Крымінальнага кодэкса. Дзеянні камандзіра роты Мінскай ваеннай камендатуры кваліфікаваныя на падставе ч. 2 арт. 463 (парушэнне правілаў абыходжання з прадметамі, якія ўяўляюць павышаную небяспеку для навакольных, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека і прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры).

Матэрыялы крымінальнай справы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239