Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/03/04/ru_1034843_1034844/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 21:38
04.03.2020 16:42 Грамадства

З пачатку ўспышкі COVID-19 у Беларусі пад кантролем знаходзяцца 14,5 тысячы чалавек (дапоўнена)

Мінск, 4 сакавіка. З пачатку ўспышкі каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі пад медыцынскім кантролем знаходзяцца 14,5 тысячы чалавек. Гэта тыя, хто нядаўна прыбыў з эпідэмічна неспрыяльных па каранавірусе краін або кантактаваў з імі, паведаміла галоўны санітарны ўрач Беларусі Наталля Жукава 4 сакавіка на брыфінгу, які арганізаваны для прадстаўнікоў замежных дыпмісій, акрэдытаваных у Мінску.

Паводле слоў Жукавай, у двух кантактных цэнтрах — санаторыі "Брыганціна" і рэабілітацыйным цэнтры "Загор`е" — двухтыднёвы каранцін прайшлі ўжо каля 300 студэнтаў з Кітая, Італіі і Ірана.

Сёння ў Беларусі пацверджаныя шэсць выпадкаў COVID-19, адзначыла Жукава. "Усе інфікаваныя знаходзяцца ў здавальняючым стане, цячэнне захворвання ў іх практычна бессімптомнае. Гэтыя выпадкі яшчэ раз пацвярджаюць, што дзеянні Міністэрства аховы здароўя маюць пазітыўны характар, паколькі ўсе інфікаваныя былі абследаваны і ізаляваны яшчэ да праяўлення захворвання", — заявіла галоўны санітарны ўрач.

Прынятыя меры дазваляюць мінімізаваць распаўсюджванне інфекцыі, падкрэсліла Жукава.

"Сям`я, з якой кантактаваў студэнт, была шпіталізавана адразу пасля атрымання ў яго станоўчага аналізу. Такім чынам, гэтыя тры чалавекі не змаглі распаўсюдзіць інфекцыю па месцы працы і месцы жыхарства. У аднаго з траіх дыягназ пацвердзіўся ў наступныя пасля шпіталізацыі суткі, а яшчэ ў дваіх — у наступныя дні. Другая група заражаных знаходзіцца ў бальніцы ў Віцебску. Гэта жанчына, якая прыбыла з Мілана, і яе кантакт", — дадала намеснік міністра.

Пры гэтым яна заявіла, што ў краіне няма падстаў для ўвядзення абмежавальных мер у выглядзе закрыцця межаў і адмены масавых мерапрыемстваў. "Магчыма, будзем разглядаць у індывідуальным парадку абмежаванні нейкіх выставачных мерапрыемстваў", — сказала яна.

Школы і ВНУ Беларусі, акрамя Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, працуюць у звычайным парадку, працягнула Жукава. Практычна 85% студэнтаў, якія знаходзяцца пад наглядам у шпіталі ў Бараўлянах, ужо абследаваны. "Усе ў цэлым здаровыя, а калі не, то гэта звязана з сезонным уздымам рэспіраторных захворванняў", — падсумавала галоўны санітарны ўрач.

Намеснік кіраўніка Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас паведаміў, што ў МЗС створана рабочая група па прадухіленні распаўсюджвання каранавіруса з ім на чале. Таксама створана каардынацыйная група, якая ў кругласутачным рэжыме падтрымлівае сувязь з дыпламатычнымі місіямі, якія знаходзяцца ў Беларусі. Паводле слоў Дапкюнаса, гэта зроблена для аказання неабходнай інфармацыйнай і дыпламатычнай падтрымкі пасольствам.

Аб першым выпадку выяўлення каранавіруса COVID-19 Міністэрства аховы здароўя аб`явіла 28 лютага. Інфекцыю выявілі ў іранскага студэнта, які вучыцца ў БНТУ. Было прынята рашэнне з 28 лютага па 15 сакавіка перавесці студэнтаў універсітэта на індывідуальнае навучанне. Найбліжэйшае асяроддзе іранца, а таксама яго аднагрупнікаў, якія маюць прыкметы рэспіраторнай інфекцыі, шпіталізавалі і ўзялі ў іх аналізы.

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239