Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/03/05/ru_1034997_541112/
Дата раздрукоўкі: 02.04.2020 19:00
05.03.2020 17:13 Эканоміка, Палітыка

Макей: Няма сэнсу працаваць над дарожнымі картамі інтэграцыі, пакуль не вырашаныя пытанні з нафтай (дапоўнена)

Мінск, 5 сакавіка. Мінск не бачыць сэнсу працаваць над дарожнымі картамі паглыбленай інтэграцыі з Расіяй, пакуль не вырашаныя пытанні паставак нафты, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

"Давайце вырашым пытанне з нафтавымі пастаўкамі, а потым ужо будзем далей думаць. Не працуе цяпер рабочая група, і сэнсу няма зараз працаваць над гэтымі дарожнымі картамі, пакуль не будуць вырашаныя гэтыя пытанні", — сказаў Макей, адказваючы на пытанне ТАСС.

З 1 студзеня 2020 года Беларусь атрымлівае нязначны аб'ём расійскай нафты з-за адсутнасці буйных кантрактаў. Мінск не згодны з прэміяльнай надбаўкай, якую хочуць атрымліваць пастаўшчыкі. На даручэнне Аляксандра Лукашэнкі ўрад шукае альтэрнатыўную нафту і альтэрнатыўныя шляхі яе пастаўкі.

Між іншым 14 лютага Лукашэнка, размаўляючы з калектывам Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната, заявіў, што праца над дарожнымі картамі інтэграцыі будзе працягнутая. "Мы будзем і далей працаваць па інтэграцыі. У гэтым няма нічога дрэннага", — сказаў афіцыйны лідар. Паводле яго слоў, стварэнне наднацыянальных органаў і іншых аб'яднанняў, што было прадугледжанае апошняй (31-й) дарожнай картай, бакі дамовіліся не абмяркоўваць. "Чыста эканамічныя пытанні па інтэграцыі", — адзначыў Лукашэнка.

Дарожныя карты былі парафіяваныя 6 верасня 2019 года прэм'ер-міністрамі дзвюх краін Сяргеем Румасам і Дзмітрыем Мядзведзевым.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН