Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/03/06/ru_1035032_123/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2020 09:34
06.03.2020 09:42 Эканоміка, Фінансы

У лютым золатавалютныя рэзервы Беларусі рэзка праселі

Мінск, 6 сакавіка. Золатавалютныя рэзервы Беларусі скараціліся за люты на 438,2 млн долараў, або на 4,7%, і на 1 сакавіка склалі 8,8 млрд долараў, паведамляе Нацыянальны банк.

У студзені, як паведамлялася, рэзервы таксама зменшыліся — на 150,4 млн долараў. Такім чынам, за студзень—люты рэзервы скараціліся на 588,6 млн долараў.

Як адзначае рэгулятар, зніжэнне ўзроўню рэзерваў у лютым "у асноўным абумоўленае планавым пагашэннем урадам і Нацыянальным банкам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на агульную суму 383,5 млн долараў". Таксама зніжэнне рэзерваў стала следствам продажу Нацыянальным банкам замежнай валюты на ўнутраным рынку.

"Падтрыманню ўзроўню золатавалютных рэзерваў у лютым спрыялі паступленне замежнай валюты ў бюджэт, паступленне сродкаў ад продажу аблігацый Міністэрства фінансаў, намінаваных у замежнай валюце, а таксама павелічэнне кошту манетарнага золата", — гаворыцца ў паведамленні Нацбанка.

На 1 студзеня 2020 года рэзервы складалі амаль 9,4 млрд долараў. Згодна з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі, на 1 студзеня 2021 года аб'ём ЗВР павінен скласці не менш за 7,3 млрд долараў ЗША.

Разам з тым Нацыянальны банк сёлета не чакае значнага скарачэння ЗВР. "Мы прадугледзелі ў нашых прагнозах больш нізкі ўзровень золатавалютных рэзерваў. Але гэта не значыць, што мы будзем да гэтага імкнуцца і ён такім будзе. Так, хутчэй за ўсё, ён будзе меншым, чым на пачатак года, але ён будзе бліжэйшым да той лічбы, якую мы маем (9,2 млрд долараў, або 2,7 месяца пакрыцця імпарту на 1 лютага), чым да той, якую заклалі ў кансерватыўным сцэнары (7,3 млрд долараў)", — заявіў старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур на брыфінгу 12 лютага.

"Мы з урадам не хочам нарошчваць знешнія даўгі. Таму з мэтай забеспячэння ўстойлівасці знешняга доўгу і выканання адпаведных абавязацельстваў было вырашана прытрымлівацца аптымальных аб'ёмаў золатавалютных рэзерваў і не спрабаваць любой цаной давесці іх да пакрыцця трохмесячнага імпарту", — растлумачыў Калаур.

Як паведамлялася, у 2020 годзе, паводле дадзеных Мінфіна, Беларусь павінна накіраваць на абслугоўванне і пагашэнне дзяржаўнага доўгу 8,9 рублёў. У сувязі са значнымі выплатамі па дзярждоўгу эканамічныя ўлады дапускаюць некаторае зніжэнне рэзерваў у бягучым годзе.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239