Сусветны банк: Рост даходаў беларусаў залежыць ад лёсу дзяржпрадпрыемстваў

Будучыня беларускай эканомікі і павелічэнне даходаў беларусаў залежаць ад павышэння эфектыўнасці і рэструктурызацыі дзяржсектара, заявіў кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі Алекс Крэмер на сустрэчы з журналістамі 11 сакавіка.

«Будучыня беларускай эканомікі, а таксама ўзровень жыцця грамадзян у Беларусі, узровень аховы здароўя і адукацыі ў краіне будзе залежаць ад лёсу дзяржпрадпрыемстваў», — сказаў ён. Да таго часу, пакуль у дзяржсектары «не адбудзецца радыкальных змен, даходы грамадзян не будуць расці». «Акрамя гэтага, ад становішча дзяржпрадпрыемстваў залежыць стан дзяржфінансаў. Да таго часу, пакуль не будуць вырашаныя праблемы ў дзяржсектары, падатковыя паступленні не будуць расці», — падкрэсліў Крэмер. На яго думку, неэфектыўная дзейнасць дзяржсектара адмоўна адбіваецца на прыватным сектары ў Беларусі. Існуюць, адзначыў Крэмер, прыклады таго, што прыватныя інвестары адмаўляліся інвеставаць у беларускую эканоміку з-за дамінавання дзяржсектара. «Пры гэтым Сусветны банк ніколі не лічыў, што дзяржпрадпрыемствы не маюць права на існаванне. Мы прапануем іншае — падзяліць увесь дзяржсектар на чатыры групы», — паведаміў Крэмер. Ён адзначыў, што да першай групы варта аднесці эфектыўныя дзяржпрадпрыемствы, да другой — суб’екты, якія могуць павысіць сваю эфектыўнасць за кошт рэструктурызацыі, да трэцяй — прадпрыемствы, што падлягаюць прыватызацыі, да чацвёртай — дзяржкампаніі, якія трэба ліквідаваць. «Пры гэтым мы гаворым пра важнасць не фінансавай, а аперацыйнай рэструктурызацыі. Фінансавая рэструктурызацыя дае кароткатэрміновы эфект, яна ў Беларусі ажыццяўлялася. Мы гаворым пра неабходнасць аперацыйнай рэструктурызацыі, якая дазваляе вырашыць глыбінныя праблемы дзяржпрадпрыемстваў», — сказаў Крэмер.

Вам также могут понравиться