Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/03/11/ru_1035486_214587/
Дата раздрукоўкі: 11.05.2021 09:40
11.03.2020 12:22 Грамадства

У Беларусі зарэгістравана ўжо 12 выпадкаў заражэння COVID-19

Мінск, 11 сакавіка. Міністэрства аховы здароўя паведаміла пра новы выпадак заражэння каранавірусам — COVID-19 выяўлены ў жыхаркі Гродна. Такім чынам, паводле афіцыйнай інфармацыі, у Беларусі зафіксавана 12 выпадкаў заражэння новым вірусам.

Як паведаміла прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун, жыхарка Гродна сама звярнулася да медыкаў, бо знаходзілася ў Італіі. Жанчына змешчаная ў абласную інфекцыйную бальніцу ў Гродне, зараз праводзяцца дадатковыя даследаванні пацыенткі. Ніякіх праяў рэспіраторнай інфекцыі ў яе не назіраецца. "Грамадзянка Беларусі здала тэст яшчэ на мяжы, так што ўсе яе кантакты першага ўзроўню выяўленыя", — паведаміла прэс-сакратар.

Некалькімі гадзінамі раней Міністэрства аховы здароўя распаўсюдзіла інфармацыю пра выяўленне COVID-19 у двух мужчын — жыхароў Мінска і Гомеля.

Гамяльчанін вярнуўся з Партугаліі. У выніку лабараторнага кантролю ў нацыянальным аэрапорце Мінска быў атрыманы станоўчы тэст на каранавірус COVID-19. Мужчына знаходзіцца ў Гомельскай абласной інфекцыйнай бальніцы ў здавальняючым стане.

Праводзіцца "актыўная шпіталізацыя пацыентаў першага ўзроўню (грамадзян, якія прыехалі разам з ім з-за мяжы, а таксама тых, хто быў побач з ім у самалёце)", паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

Другі інфікаваны, мінчанін, прыбыў з Германіі і ў момант праходжання мяжы ўтаіў факт свайго знаходжання ў Паўночнай Італіі. Зараз у дачыненні да яго "праводзіцца ўдакладняючая дыягностыка", ён таксама шпіталізаваны.

Такім чынам, на гэты момант ва ўстановах аховы здароўя Беларусі з дыягназам COVID-19 знаходзяцца 12 пацыентаў. Трое рыхтуюцца да выпіскі. Ва ўсіх пацыентаў стан здавальняючы, павышанай тэмпературы і іншых клінічных праяў хваробы няма, паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя.

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239