Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/03/12/ru_1035617_544287/
Дата раздрукоўкі: 20.10.2020 22:55
12.03.2020 12:33 Грамадства

Лукашэнка пра каранавірус: Супакойвацца нельга, але і для панікі ў нас няма падстаў (дапоўнена)

Мінск, 12 сакавіка. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што беларуская сістэма аховы здароўя працуе нядрэнна, а для панікі ў сувязі з каранавірусам падстаў няма. Пра гэта ён заявіў 12 сакавіка, слухаючы даклад міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка.

"Мяне перш за ўсё хвалюе галоўнае пытанне — кіравальнасць сістэмы. Кіравальнасць заўсёды паказвае сябе і з'яўляецца лакмусавай паперкай у нейкіх неардынарных выпадках. Нядрэнна працуе, вядома, сістэма аховы здароўя, і ўрачы малайцы", — прыводзіць словы Лукашэнкі яго прэс-служба.

Кіраўнік дзяржавы пракаментаваў сітуацыю з процідзеяннем распаўсюджванню каранавіруса COVID-19: "Я разумею, што нам удалося спакойна прайсці гэты перыяд. Супакойвацца, вядома, нельга. Але і для панікі ў нас няма ніякіх падстаў".

Лукашэнка адзначыў, што не варта ствараць ажыятаж і скупляць рознага кшталту лекі або медыцынскія маскі. "Пабеглі, скупілі... І што цяпер? Зараз зразумелі, што перенапружыліся", — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Ён заявіў, што ў цяперашні час медыцынскія маскі ў Беларусі вырабляюць на некалькіх прадпрыемствах у вялікай колькасці. "Сотні тысяч штук на суткі. Няхай купляюць, калі камусьці трэба", — дадаў беларускі кіраўнік.

Лукашэнка канстатаваў, што ўжо ўсё зразумелі з падачы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і ўрачоў у свеце, што маску варта насіць толькі захварэлым, каб знізіць рызыку заражэння навакольных. "Але ёсць людзі, якія перастрахаваліся, пачалі гэтыя маскі і спецадзенне апранаць. Мы не пярэчым. Толькі не павінна быць непатрэбных целарухаў, не павінна быць ніякай панікі", — лічыць ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, нягледзячы на прысутнасць насцярожанасці адносна сітуацыі з каранавірусам, узровень захворвання ў Беларусі віруснымі інфекцыямі, уключаючы грып, ніжэйшы за мінулыя гады.

Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што для паспяховай барацьбы з распаўсюджваннем вірусаў важна, каб ахова здароўя ў той ці іншай краіне працавала на чалавека, а не пераследавала нейкія камерцыйныя мэты.

"Дай бог, каб усё абышлося. Расслабляцца не варта. Людзі павінны разумець, што рукі, твар трэба мыць", — сказаў ён. А тым, хто захварэў ці адчувае прыкметы хваробы, Лукашэнка параіў імкнуцца не разносіць інфекцыю і прымаць неабходныя меры рэагавання.

Ён таксама выказаў словы ўдзячнасці на адрас Кітая. "Падзякаваць трэба кітайцам — яны нічога ад нас не хаваюць, даюць нам усю інфармацыю, раяць. Таму што яны лепш ведаюць, больш за ўсё займаліся гэтай праблемай, і поспехі ў іх вышэйшыя за каго б там ні было. Яны нам выдатна дапамагаюць сваімі парадамі і рэкамендацыямі. Дзякуй ім вялікі за гэта. Але і нашы лекары апынуліся на вышыні", — падсумаваў Лукашэнка.

Напярэдадні стала вядома аб пераносе на няпэўны тэрмін "Вялікай размовы з прэзідэнтам" — традыцыйнага мерапрыемства, куды запрашаюць абраных прадстаўнікоў грамадскасці, СМІ і экспертаў. Як паведаміла парталу tut.by прэс-сакратар прэзідэнта Наталля Эйсмант, мерапрыемства планавалася 12 сакавіка. Яго перанос звязаны "не толькі і не столькі" з каранавірусам, колькі з "напластаваннем найважнейшых палітычных мерапрыемстваў у графіку прэзідэнта". "Хоць пазіцыя прэзідэнта ў гэтым пытанні адназначная: шапказакідальніцтва і бестурботнага стаўлення да сітуацыі быць не павінна, зараз усім трэба быць вельмі акуратнымі", — дадала Эйсмант.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239