Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/03/13/ru_1035835_1035836/
Дата раздрукоўкі: 28.10.2020 11:10
13.03.2020 20:20 Палітыка, Эканоміка

Пампеа пацвердзіў гатоўнасць ЗША неадкладна пачаць пастаўкі нафты ў Беларусь

Мінск, 13 сакавіка. Дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа ў тэлефоннай размове з кіраўніком МЗС Уладзімірам Макеем 13 сакавіка пацвердзіў гатоўнасць амерыканскіх кампаній неадкладна пачаць пастаўкі нафты ў Беларусь, паведаміла кіраўнік прэс-службы Дзярждэпартамента Морган Ортагус.

"Дзяржсакратар Пампеа падзякаваў міністру замежных спраў Макею за паспяховы візіт у Мінск 1 лютага і зноў заявіў аб падтрымцы ЗША беларускага суверэнітэту. Дзяржсакратар пацвердзіў гатоўнасць амерыканскіх кампаній неадкладна пачаць пастаўкі нафты ў Беларусь па канкурэнтных рынкавых цэнах", — гаворыцца ў паведамленні.

"Дзяржсакратар і кіраўнік МЗС таксама абмеркавалі магчымасці нарошчвання двухбаковых дзелавых сувязяў, уключаючы планы візіту гандлёвай дэлегацыі ЗША высокага ўзроўню ў Мінск у канцы гэтага года", — падкрэсліла кіраўнік прэс-службы Дзярждэпартамента ЗША.

У сваю чаргу прэс-служба беларускага МЗС паведаміла, што "бакі абмеркавалі пытанні двухбаковага супрацоўніцтва, рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня, уключаючы тэматыку энергетычнай бяспекі". Па чыёй ініцыятыве адбылася размова, у паведамленні МЗС не гаворыцца.

Майкл Пампеа наведаў Мінск 1 лютага 2020 года. Гэта быў першы за апошнія 25 гадоў візіт у Беларусь дзяржсакратара ЗША.

Па выніках перамоў з Аляксандрам Лукашэнкам дзяржсакратар заявіў, што амерыканскія вытворцы гатовыя забяспечыць Беларусь нафтай на 100% па канкурэнтных цэнах.

Лукашэнка на нарадзе 3 сакавіка нагадаў чыноўнікам, што па пытанні паставак нафты былі вельмі сур'ёзныя заявы і намеры з боку ЗША. "З дзяржсакратаром я на гэтую тэму размаўляў — дапамагчы нам з інфраструктурай і пастаўкамі нафты. Пампеа сам прапанаваў па канкурэнтных цэнах гэтую нафту. І на мюнхенскай канферэнцыі была заява: яны выдзелілі 1 млрд долараў ЗША для будаўніцтва аб'ектаў лагістыкі, гэта значыць для пастаўкі нафты, — сказаў Лукашэнка. — У тым ліку мы можам разлічваць, што атрымаем ад іх зусім танныя крэдыты на будаўніцтва той жа няшчаснай трубы з Балтыкі. Недзе нам трэба пара перамычак, якія ўрад разлічвае будаваць аж тры гады. Не будзе гэтага. Паўтара-два гады, не больш! І 100—120 млн долараў мы самі знойдзем на гэтыя перамычкі". "Таму трэба проста варушыцца", — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

Варта адзначыць, што ў апошнія дні кошт нафты на сусветным рынку рэзка знізіўся пасля таго, як 6 сакавіка на сустрэчы з прадстаўнікамі краін АПЕК Расія адмовілася ад прапановы Саудаўскай Аравіі дадаткова скараціць вытворчасць нафты з-за эпідэміі каранавіруса і падзення попыту на нафту. З 1 красавіка перастане дзейнічаць здзелка аб скарачэнні здабычы АПЕК+, якая дазваляла ўтрымліваць цэны на нафту ад падзення на працягу больш як трох гадоў.

Пасля разрыву здзелкі цэны на вуглевадародную сыравіну маркі Brent абваліліся з 46 да 31 долара ЗША за бараль. Затым яны выраслі, і цяпер Brent таргуецца па 34 долары за бараль.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239