Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/03/14/ru_1035887_547812/
Дата раздрукоўкі: 10.07.2020 08:44
14.03.2020 14:59 Грамадства

На каранцін з-за каранавіруса ва ўстановы аховы здароўя змешчаныя 240 студэнтаў і выкладчыкаў БДУ

Мінск, 14 сакавіка. Папярэднія тэсты паказалі наяўнасць каранавіруса COVID-19 у пяці студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у дачыненні да іх праводзіцца ўдакладняльная дыягностыка, паведаміла прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

Мерапрыемствы па выяўленні кожнага студэнта, які можа быць інфікаваны COVID-19, будуць завершаныя 14 сакавіка, адзначаецца ў паведамленні. На сёння ва ўстановы аховы здароўя для медыцынскага назірання і праходжання санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў накіраваныя 240 студэнтаў і выкладчыкаў, якія маглі мець кантакт са "станоўчым" студэнтам. Пры атрыманні адмоўных тэстаў і магчымасці ізаляванага пражывання большая частка студэнтаў будуць адпушчаныя.

Міністэрства аховы здароўя нагадала, што шпіталізацыя студэнтаў і выкладчыкаў, а таксама санітарная апрацоўка памяшканняў універсітэта звязаныя з тым, што ў сям'і аднаго са студэнтаў быў выяўлены COVID-19. "На жаль, чалавек адмовіўся ад тэставання на ўездзе ў Беларусь і ў выніку стаў крыніцай наступнага распаўсюджвання каранавіруса сярод студэнтаў. Сітуацыя ўскладнілася тым, што частка кантактаў першага ўзроўню жывуць у інтэрнатах. У цяперашні час праводзяцца мерапрыемствы санітарна-эпідэміялагічнага нагляду ў гэтых будынках", — адзначылі ў міністэрстве.

"Эпідэміялагічнае расследаванне кожнага выпадку паказала поўную адсутнасць насцярожанасці ў грамадзян, якія вяртаюцца з камандзіровак і турпаездак", — канстатавала прэс-служба.

Міністэрства аховы здароўя яшчэ раз просіць грамадзян "спакойна і, галоўнае, з разуменнем паставіцца да сітуацыі". Спробы самавольна пакінуць установы аховы здароўя, утойванне інфармацыі аб паездках у эпідэмічна неспрыяльныя рэгіёны, а таксама адраса знаходжання прывядуць да непажаданых наступстваў. "Мы заклікаем дакладна выконваць рэкамендацыі, а не сеяць чуткі і здагадкі. Эпідсітуацыя ў краіне ў цяперашні час кіраваная, і мы ўпэўненыя, што нашы сумесныя намаганні дазволяць нам дамагчыся станоўчага эфекту", — гаворыцца ў паведамленні.

На гэты момант у Беларусі COVID-19 пацверджаны ў 27 грамадзян. З іх трое ўжо выпісаныя з бальніц.

Як адзначаюць у Міністэрстве аховы здароўя, стан усіх астатніх пацыентаў з каранавірусам здавальняючы. Тэмпература цела нармальная, праводзіцца лабараторны кантроль і мерапрыемствы медыцынскага назірання. Адзін з пацыентаў знаходзіцца ў стане сярэдняй ступені цяжару.

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239