Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/03/16/eu_1036123_1036124/
Дата раздрукоўкі: 11.05.2021 11:05
16.03.2020 21:22 Грамадства, Беларусь — Еўрасаюз

МЗС: Беларусы, якія знаходзяцца за мяжой, практычна адрэзаныя ад магчымасці вярнуцца на Радзіму транзітам праз многія краіны

Мінск, 16 сакавіка. Аб складанай сітуацыі з вяртаннем на Радзіму беларускіх грамадзян, "справакаванай жорсткімі абмежавальнымі мерамі па ўездзе замежнікаў", якія ўведзены шэрагам дзяржаў з-за каранавіруса, паведаміла Міністэрства замежных спраў.

"Па сутнасці беларусы, якія знаходзяцца сёння за мяжой, аказваюцца практычна адрэзанымі ад магчымасці вярнуцца на Радзіму транзітам праз многія краіны", — гаворыцца ў апублікаванай 16 сакавіка заяве начальніка ўпраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі МЗС Анатоля Глаза.

Тым не менш, паводле яго слоў, усе выпадкі адсочваюцца МЗС і беларускімі замежнымі ўстановамі ў кругласутачным рэжыме. "Актыўна аказваецца садзейнічанне" ў пошуку альтэрнатыўных маршрутаў па вяртанні на Радзіму. Арганізоўваюцца дадатковыя наземныя шляхі дастаўкі, адпаведныя авіярэйсы "Белавія" ў выпадку неабходнасці ажыццяўляюцца больш умяшчальным авіятранспартам.

МЗС шкадуе "аб агучаным на гэтым фоне расійскім бокам рашэнні аб закрыцці мяжы з Беларуссю" і знаходзіцца "ў чаканні канкрэтнай афіцыйнай інфармацыі ад расійскага боку аб варыянтах і мадальнасцях імплементацыі гэтай меры".

Ведамства звяртае ўвагу, што 16 сакавіка ўведзена забарона на ўезд на тэрыторыю Чэхіі ўсіх замежнікаў; з 16 сакавіка да 14 красавіка ўведзена надзвычайнае становішча ў Арменіі; з 18 сакавіка на два тыдні забаронены ўезд замежных грамадзян у Грузію; з 16 сакавіка да 1 красавіка "фактычна ўведзена забарона на ўезд у Нарвегію замежнікаў, за выключэннем грамадзян Швецыі і Фінляндыі, а таксама тых, у каго ёсць від на жыхарства ў краіне".

Акрамя таго, 15 сакавіка на тэрыторыі Сербіі ўведзена надзвычайнае становішча, закрыты ўезд для ўсіх замежных грамадзян, за выключэннем асоб, якія маюць дазвол на пастаяннае або часовае пражыванне; з 17 сакавіка да 1 красавіка ў Малдове спыняюцца ўсе рэгулярныя авіяпасажырскія рэйсы, адмяняюцца міжнародныя пасажырскія чыгуначныя маршруты; з 16 сакавіка на нявызначаны тэрмін на межах Германіі з Аўстрыяй, Даніяй, Люксембургам, Францыяй і Швейцарыяй уведзены пагранічны кантроль; з 16 сакавіка па 15 красавіка ў Казахстане ўведзены рэжым надзвычайнага становішча, уезд замежнікаў забаронены.

16 сакавіка прыпынены авіяцыйныя і аўтадарожныя зносіны паміж Узбекістанам і іншымі дзяржавамі; з 19 сакавіка па 31 сакавіка прыпыняюцца авіязносіны з замежнымі дзяржавамі для ўсіх міжнародных аэрапортаў Егіпта.

"З улікам магчымых мер па абмежаванні перамяшчэння ўнутры Украіны", грамадзянам Беларусі рэкамендавана "максімальна аператыўна самастойна рухацца да найбліжэйшых пунктаў пропуску на беларуска-ўкраінскай мяжы, дзе яны змогуць у пешым парадку вярнуцца на радзіму да 00 гадзін 01 хвіліны 17 сакавіка".

МЗС звяртае ўвагу беларускіх грамадзян, якія апынуліся на тэрыторыі замежных дзяржаў, што ўвялі абмежавальныя меры, прыпынілі авія-, чыгуначныя і/або аўтамабільныя зносіны, на "неабходнасць звароту па садзейнічанне ў пошуку альтэрнатыўных варыянтаў вяртання ў Беларусь да прадстаўнікоў туркампаній (у выпадку турыстычных паездак) і ў замежныя ўстановы Рэспублікі Беларусь па тэлефонах экстраннай сувязі".

Знешнепалітычнае ведамства "ў сувязі з бягучым развіццём сітуацыі" рэкамендуе суайчыннікам "ўстрымацца ў дадзены перыяд ад замежных паездак".

Грамадзян, якія маюць неадкладную неабходнасць для выезду за мяжу, просяць атрымліваць падрабязную інфармацыю аб характары і тэрмінах дзейных абмежаванняў у адпаведных дыпламатычных прадстаўніцтвах або консульскіх установах.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239