Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/03/16/ru_1036116_1036117/
Дата раздрукоўкі: 11.05.2021 10:50
16.03.2020 21:09 Грамадства, Палітыка

Расія раскрытыкавала пазіцыю Лукашэнкі па каранавірусе

Мінск, 16 сакавіка. Урад Расіі раскрытыкаваў апошнія выказванні беларускага кіраўніцтва аб сітуацыі з каранавірусам.

У апублікаваным вечарам 16 сакавіка паведамленні прэс-службы расійскага кабінета адзначаецца, што "для выканання рашэнняў прэзідэнта Расійскай Федэрацыі У.У.Пуціна ў мэтах процідзеяння пагрозе далейшага распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі" падрыхтаваны праект распараджэння ўрада аб увядзенні часовых абмежаванняў на ўезд у РФ грамадзян замежных дзяржаў , у тым ліку грамадзян Беларусі.

"Беларускі бок быў загадзя папярэджаны аб планаваных мерах падчас тэлефоннай размовы 15 сакавіка 2020 года старшыні ўрада Расійскай Федэрацыі М.У.Мішусціна з прэм'ер-міністрам Рэспублікі Беларусь С.М.Румасам", — адзначаецца ў рэлізе.

Урад РФ падкрэслівае, што Румас "быў праінфармаваны, у прыватнасці, пра тое, што абмежаванні на ўезд у Расійскую Федэрацыю не будуць распаўсюджвацца на пэўныя катэгорыі асоб, у тым ліку кіроўцаў грузавога аўтатранспарту".

Акрамя таго, падрыхтаваны праект распараджэння "прадугледжвае выключэнні для супрацоўнікаў дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, якія працуюць у Расіі, членаў афіцыйных дэлегацый, экіпажаў паветраных, марскіх і рачных суднаў, цягніковых і лакаматыўных брыгад міжнародных чыгуначных зносін, асоб, якія пастаянна пражываюць у Расійскай Федэрацыі або едуць на пахаванне блізкіх сваякоў".

"У тэлефоннай размове кіраўнікоў урадаў Расіі і Беларусі было падкрэслена, што рашэнні ўрада Расійскай Федэрацыі прымаюцца ў строгай адпаведнасці з рэкамендацыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, носяць аб'ектыўны і навукова абгрунтаваны характар", — адзначае расійскі бок.

У гэтай сувязі ва ўрадзе РФ "выклікаюць здзіўленне выказванні кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь па сітуацыі з распаўсюджваннем новай каранавіруснай інфекцыі". У прыватнасці, выказванне пра колькасць інфікаваных "дазваляе зрабіць выснову, што ў прапарцыйных суадносінах да колькасці насельніцтва сітуацыя ў Беларусі значна больш сур'ёзная, чым у Расіі". Сцвярджэнне, што "Расія ўся палае ад каранавіруса", не адпавядае рэчаіснасці, падкрэслілі ва ўрадзе РФ.

Больш за тое, адзначаецца ў рэлізе, папярэдняе інфармаванне беларускага боку "было зроблена для таго, каб высветліць яго пазіцыю і ўзгадніць сумесныя меры рэагавання на каранавірусную інфекцыю ці атрымаць сустрэчныя прапановы ў сувязі з рыхтаванымі рашэннямі". "Характэрна, што ў тэлефоннай размове кіраўнікоў урадаў якія-небудзь пярэчанні не былі выказаныя", — сцвярджаюць у маскоўскім Белым доме.

Урад РФ падкрэслівае, што "абмежаванні ўезду ў Расійскую Федэрацыю з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ўводзяцца перш за ўсё па прычыне непрыняцця органамі дзяржаўнай улады Беларусі рэкамендаваных СААЗ адэкватных мер па перакрыцці дзяржаўных меж з мэтай недапушчэння пранікнення каранавіруснай інфекцыі з трэціх дзяржаў".

Масква звяртае ўвагу на тое, што ў адпаведнасці з пагадненнем 2006 года аб забеспячэнні роўных правоў грамадзян дзвюх краін на свабоду перамяшчэння, выбар месца знаходжання і жыхарства "правы грамадзян аднаго боку пагаднення на свабоду перамяшчэння, выбар месца знаходжання і жыхарства на тэрыторыі іншага боку могуць быць абмежаваны ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам гэтага другога боку, у інтарэсах забеспячэння нацыянальнай бяспекі, аховы грамадскага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабод грамадзян".

Акрамя таго, законы РФ "Аб дзяржаўнай мяжы Расійскай Федэрацыі", "Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва", "Аб парадку выезду з Расійскай Федэрацыі і ўезду ў Расійскую Федэрацыю" даюць ураду РФ "неабходныя паўнамоцтвы для прыняцця рашэння аб абмежаванні ўезду ў Расійскую Федэрацыю".

"Абмежавальныя меры, якія прымаюцца расійскім бокам, выкліканыя асаблівымі абставінамі і носяць выключна часовы характар. Што тычыцца рашэнняў, якія прымаюцца ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь, то яны ў поўнай меры заснаваныя на прынцыпах павагі і адкрытасці", — падкрэсліваюць у расійскім урадзе.

"У цэлым жа выклікае здзіўленне, што ва ўмовах электаральнага цыкла (па ўсёй бачнасці, гаворка аб прэзідэнцкіх выбарах, якія маюць адбыцца ў 2020 годзе. — БелаПАН.) кіраўніцтва Беларусі выступае з такімі заявамі, якія не спрыяюць выпрацоўцы ўзгодненых мер па сумесным супрацьдзеянні распаўсюджванню каранавіруснай інфекцыі", — гаворыцца ў паведамленні.

Расійскі бок "разлічвае, што беларускія партнёры зоймуць канструктыўную пазіцыю ў інтарэсах захавання здароўя і эпідэміялагічнага дабрабыту грамадзян Беларусі і Расіі".

16 сакавіка Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў рашэнне Расіі закрыць мяжу з Беларуссю. "Дзіўна, што ў расійскім урадзе ніхто не ведае, што ў Беларусі і Расіі мяжы няма, яна не дэлімітаваная і не дэмаркіраваная. У нас няма мяжы, таму закрываць няма чаго. Напэўна, яны ў сябе ўжо ўстанавілі гэтую мяжу. Гэта іх справа", — сказаў афіцыйны лідар на сустрэчы з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Ігарам Сяргеенкам і дзяржсакратаром Савета бяспекі Андрэем Раўковым.

"Я са свайго досведу хачу некаторым гарачым галовам у Расіі параіць думаць, перш чым гаварыць, — заявіў Лукашэнка. — Справа ў тым, што закрыць, як і пачаць нейкую вайну, 

заўсёды прасцей, чым потым з гэтай сітуацыі выходзіць. Таму што пасля закрыцця прыйдзе перыяд, калі трэба будзе адкрываць. А я ведаю, як гэта — адкрываць: я памятаю, як з Барысам Мікалаевічам Ельцыным і Віктарам Сцяпанавічам Чарнамырдзіным (царства ім нябеснае, яны, напэўна, не ўяўляюць, але бачаць адтуль, што мы творым)... Яны ведаюць, як адкрываць потым. Гэта ўсё вельмі няпроста. Але мне давялося гэты перыяд у сваім жыцці перажыць, і я асабіста не хацеў бы, каб гэта паўтарылася. Але людзі, якія прыйшлі ва ўладу Расіі, мабыць, гэтага не разумеюць".

Лукашэнка лічыць, што тэрытарыяльна змагацца з такім захворваннем, як каранавірус, немагчыма, пра што гавораць і вірусолагі. "Мне здаецца, што там больш заклапочаныя, як Маскву нейкім плотам абгарадзіць, і думаюць: не дай бог, урад Расійскай Федэрацыі заразіцца. Што будзе? А не дай бог, з Мішусціным нешта здарыцца..." — адзначыў ён.

"Як учора сказаў прэм'ер Расіі, у іх пажар: не ўсё ў СМІ давалі. У іх цяжкая сітуацыя", — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у сітуацыі, якая склалася, галоўнае, каб не пацярпелі людзі і эканоміка. "А што думае ўрад Расіі ў гэтай сітуацыі? Бо за год 110 млн тон грузу перамясцілася транзітам. Яны што, праз Украіну дамовіліся вазіць? Дык Украіна даўно закрылася. Праз Прыбалтыку? Яна таксама закрылася. Як яны будуць наогул гэтыя грузы перамяшчаць? Можа, нам падумаць, а раптам вірус у трубе з нафтай або з прыродным газам? 70 млн тон нафты транспартуюць па нафтаправодзе "Дружба". Вось што думалі людзі, калі прымалі такія рашэнні?" — абурыўся беларускі кіраўнік.

Лукашэнка, паводле яго слоў, таксама не разумее, што будуць рабіць беларускія і расійскія грамадзяне, якія працуюць або вучацца ў іншай краіне. "Як можна прымаць такія рашэнні? Не параіўшыся, паставіць перад фактам. Гэта для мяне незразумела. І самае цікавае: калі ўжо закрываць мяжу — гэта, напэўна, не ўрада справа. Гэта рашэнне павінен прымаць прэзідэнт краіны", — сказаў ён.

Лукашэнка заклікаў расійскі бок і жыхароў дзвюх краін не ствараць паніку: "Не трэба лішніх рухаў, якія б ўскладнілі і так няпростыя на сённяшні дзень адносіны паміж дзвюма дзяржавамі".

"Нам не трэба закрывацца ні ад палякаў, ні ад расіян, ні ад украінцаў. Яны хочуць — няхай закрываюцца. Нам не трэба гэтага рабіць, таму што гэта пустое. Закрывацца ўсе роўна мы не зможам, гэта немагчыма. Асабліва там, дзе няма мяжы з Расіяй: там людзі стагоддзямі хадзілі і будуць хадзіць, і калі, не дай бог, ужо нейкая чума, то мы яе тэрытарыяльна не пераможам. Трэба дзейнічаць так, як мы дзейнічаем цяпер: нейкае падазрэнне — мы правяраем чалавека, трэба на каранцін — калі ласка, давайце на каранцін. Менавіта кропкава, прафесійна трэба дзейнічаць, а не тэрытарыяльна: перакрылі, закрылі", — заявіў Лукашэнка.

Раней аб закрыцці меж для замежнікаў на розныя тэрміны заявілі Польшча, Украіна, Літва і Латвія, якія мяжуюць з Беларуссю. Еўрасаюз, куды ўваходзяць Польшча, Латвія і Літва, разглядае магчымасць закрыцця знешніх меж на 30 дзён.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239