Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/03/16/ru_1036127_1036128/
Дата раздрукоўкі: 11.05.2021 10:29
16.03.2020 21:43 Грамадства

Расія закрывае ўезд для замежнікаў з 18 сакавіка па 30 красавіка

Мінск, 16 сакавіка. З-за каранавіруса COVID-19 Расія закрывае ўезд для замежнікаў з 18 сакавіка па 30 красавіка, вынікае з апублікаванага сёння ўвечары паведамлення ўрада РФ.

У рэлізе адзначаецца, што старшыня ўрада краіны Міхаіл Мішусцін правёў тэлефонныя размовы з прэм'ер-міністрам Беларусі Сяргеем Румасам (двойчы), а таксама з кіраўнікамі ўрадаў Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана і Узбекістана.

Падчас перамоў "абмяркоўвалася сітуацыя, звязаная з новай каранавіруснай інфекцыяй". Мішусцін праінфармаваў суразмоўцаў, што для "забеспячэння бяспекі дзяржавы, абароны здароўя насельніцтва і нераспаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі" ў адпаведнасці з расійскім заканадаўствам і палажэннямі міжнародных дамоў РФ урад прыняў рашэнне "з 00 гадзін 00 хвілін па мясцовым часе 18 сакавіка 2020 года да 00 гадзін 00 хвілін па мясцовым часе 1 мая 2020 года часова абмежаваць уезд у Расійскую Федэрацыю замежных грамадзян і асоб без грамадзянства".

Абмежаванне на ўезд не тычыцца супрацоўнікаў дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў у РФ, кіроўцаў аўтамабіляў міжнародных аўтамабільных зносін, экіпажаў паветраных, марскіх і рачных суднаў, цягніковых і лакаматыўных брыгад міжнародных чыгуначных зносін, членаў афіцыйных дэлегацый і асоб, якія маюць дыпламатычныя, службовыя, звычайныя прыватныя візы, выдадзеныя ў сувязі са смерцю блізкага сваяка, асоб, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, а таксама асоб, якія рухаюцца транзітам праз паветраныя пункты пропуску.

Падчас тэлефонных размоў Мішусцін падкрэсліў, што меры, якія прымаюцца расійскім бокам, "адпавядаюць рэкамендацыям Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, выкліканыя асаблівымі абставінамі і носяць выключна часовы характар".

Кіраўнікі ўрадаў "дамовіліся падтрымліваць кантакты па пытаннях, звязаных з пагрозай далейшага распаўсюджвання новай каранавіруснай інфекцыі".

16 сакавіка Аляксандр Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў рашэнне Расіі закрыць мяжу з Беларуссю. У сваю чаргу Расія выказала здзіўленне пазіцыяй беларускага кіраўніцтва.

Пасля рашэння Расіі беларускія грамадзяне не змогуць выехаць за мяжу наземным шляхам: межы закрылі сумежныя Польшча, Украіна, Латвія і Літва.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239