Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/03/17/ru_1036152_1036153/
Дата раздрукоўкі: 11.05.2021 10:51
17.03.2020 09:54 Палітыка, Грамадства

Мітынгу з канцэртам у Дзень Волі ў Мінску не будзе

Мінск, 17 сакавіка. Аргкамітэт па святкаванні 102-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі адклікае заяўку на правядзенне мітынгу-канцэрта ў Мінску. Падстава для такога рашэння — распаўсюджванне каранавіруса і немагчымасць з-за гэтага гарантаваць бяспеку ўдзельнікам мерапрыемства, гаворыцца ў паведамленні аргкамітэта ад 17 сакавіка.

Арганізатары прапаноўвалі правесці мітынг-канцэрт 22 сакавіка. Цяпер яны падкрэсліваюць, што падрыхтоўка мерапрыемства выглядае недарэчнай ва ўмовах, калі "кожны дзень у Беларусі павялічваецца колькасць хворых на каранавірус, а афіцыйная інфармацыя пра распаўсюджванне віруса не выклікае даверу".

"Мы не атрымалі адказу Мінгарвыканкама, і сёння пяць дзён да запланаванай намі даты. Відавочна, што станоўчага адказу мы не атрымаем, і, не маючы інфармацыі, арганізаваць мерапрыемства не ўяўляецца магчымым. Акрамя таго, эпідэміялагічны стан пагаршаецца, і разлічваць на вялікую колькасць удзельнікаў не выпадае", — патлумачыў у каментары БелаПАН старшыня руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч.

Ён дадаў, што ў найбліжэйшы час арганізатары апавясцяць Мінгарвыканкам аб сваім рашэнні.

"На працягу першай паловы дня стэлефануемся. Па законе яны ўжо павінны былі прыняць рашэнне, і калі рашэнне прынята адмоўнае, то нашы намеры супадаюць, калі было прынята станоўчае — то мы пададзім афіцыйнае адкліканне заяўкі", — сказаў палітык.

Пры гэтым Губарэвіч не выключыў, што калі пагроза распаўсюджвання віруса знізіцца, то святкаванне можа быць праведзена ў больш познія тэрміны.

У склад аргкамітэта па падрыхтоўцы святкавання 102-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ўваходзяць БСДП (Грамада), Аб`яднаная грамадзянская партыя, аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", рух "За Свабоду" і партыя "Зялёныя".

Ян Аўсеюшкін, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239