Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/03/19/ru_1036492_1036493/
Дата раздрукоўкі: 03.04.2020 20:57
19.03.2020 12:29 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка пра каранавірус: Гэта чарговы псіхоз, які камусьці на руку (дапоўнена)

Мінск, 19 сакавіка. "Я каранавірус гэты называю няйначай як псіхозам, і ад гэтага ніколі не адмоўлюся, таму што разам з вамі перажыў многія ўжо псіхозы, і мы ведаем, да чаго гэта прыводзіла", — заявіў Аляксандр Лукашэнка 19 сакавіка на нарадзе па эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне.

Фрагмент нарады быў паказаны па тэлеканале "Беларусь 1".

"Абсалютна перакананы, што гэта чарговы такі ж псіхоз, які камусьці будзе на руку, а камусьці і на шкоду. Але мы жывем у пэўнай сітуацыі і, натуральна, павінны зыходзіць з таго становішча, якое складваецца не толькі ў нас, але і за межамі нашай краіны. Я абсалютна перакананы, што мы можам больш пацярпець ад панікі, чым ад самога віруса. Вось гэта мяне больш за ўсё хвалюе", — сказаў Лукашэнка.

На яго думку, "цывілізаваны свет нашай планеты наогул звар'яцеў". "Там ужо і палітыкі пачынаюць парады даваць, выкарыстоўваюць у сваіх інтарэсах гэтыя ўсе працэсы ў залежнасці ад таго, што ў канкрэтнай краіне адбываецца. Таму я вось гэтага баюся — каб мы не нашкодзілі гэтым каранавірусам", — падкрэсліў Лукашэнка.

Але ў сітуацыі з распаўсюджваннем каранавіруса ў свеце ён убачыў і карысць. "У чым заключаецца гэтая карысць? Перш за ўсё ў тым, што мы ўзварухнулі сістэму аховы здароўя. Асабліва — эпідэміёлагі, вірусолагі, пра якіх мы наогул забыліся, — растлумачыў кіраўнік дзяржавы. — Ды падумаеш, няма такіх сёння праблем у свеце. Дык добра, што захавалі гэтую яшчэ сістэму з савецкіх часоў і не загубілі вас. А так мы людзей лечым-лечым, а што там за эпідэміялагічная сітуацыя? Ды нічога страшнага. А вось гэты псіхоз нас прымусіў неяк узварухнуцца і ў гэтым кірунку папрацаваць".

Прэс-служба прэзідэнта паведамляе, што на нарадзе прысутнічалі кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сяргеенка, дзяржсакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў, міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, прадстаўнікі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі.

Паводле слоў Лукашэнкі, першапачаткова ён хацеў правесці сустрэчу выключна з вірусолагамі і эпідэміёлагамі, бо пазіцыя і падыходы міністра аховы здароўя яму вядомыя. "Але міністр сказаў, што ён чалавек дзяржаўны і не будзе коўдру цягнуць на свой бок. Думаю, да месца будзе, калі міністр аховы здароўя нам даложыць аб сітуацыі, якая складваецца, а вы — пра свой пункт гледжання", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН