Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/03/20/ru_1036667_458712/
Дата раздрукоўкі: 03.04.2020 20:40
20.03.2020 14:17 Грамадства

Лукашэнка: Трэба людзей прымусіць адказваць за сябе і тых, хто побач

Мінск, 20 сакавіка. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што сітуацыя з каранавірусам у Беларусі не такая, каб прымаць драконаўскія меры, але і супакойвацца не трэба. Пра гэта ён заявіў 20 сакавіка, размаўляючы з журналістамі падчас наведвання навукова-вытворчага прыватнага прадпрыемства "Адані" ў Мінску, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

"Трэба людзей у рэшце рэшт прымусіць адказваць за сябе і тых, хто побач, — сказаў Лукашэнка. — Калі ты смаркаешся, кашляеш, дык не выходзь на вуліцу і не атручвай іншых, заразу не разнасі. У гэтым уся сутнасць. І вельмі многія дзяржавы вельмі жорсткія меры ў гэтым плане прымаюць".

Лукашэнка раскрытыкаваў тых, хто вяртаецца з эпідэміялагічна праблемных краін і ўтойвае гэта. У якасці прыкладу ён прывёў бізнесмена, які вярнуўся з Італіі і звярнуўся да лекараў, калі ўжо знаходзіўся ў крытычным стане. З-за яго давялося ўзяць на кантроль больш за 300 чалавек, якіх ён патэнцыйна мог заразіць, адзначае прэс-служба. "Зразумела, паехаў ты за мяжу, пабываў у Германіі, Італіі і Францыі. Але прыедзь і скажы — мы цябе праверым, калі трэба, зробім заключэнне", — абурыўся Лукашэнка.

Ён чарговым разам назваў сітуацыю з каранавірусам "псіхапатыяй": "Спланавалі і арганізавалі нейкі псіхічны дом. Але я парадаваўся за нашых спецыялістаў: яны, не маючы вакцыны, не ведаючы, як лячыць, ні аднаго чалавека не страцілі". Лукашэнка адзначыў, што сёлета ад пнеўманіі ў цэлым памерла значна менш людзей, чым у пачатку папярэдняга года.

Кіраўнік дзяржавы таксама не разумее тых беларусаў, якія, нягледзячы на небяспеку, паехалі адпачываць за мяжу. "А зараз яны грукаюць у дзверы пасольстваў нашых, тэлефануюць у МЗС: забярыце нас. Але мы не можам 10 тысяч у адзін дзень забраць", — сказаў Лукашэнка.

Тым не менш ён паставіў задачу дапамагчы грамадзянам, у тым ліку расійскім, вярнуцца на радзіму. "Дарэчы, расіяне на борт нашых людзей у Тайландзе не пускалі. Але, думаю, дамовімся. Гэта звычайная бязглуздзіца, гэта тупасць, глупства. Для Расіі гэта практычна нічога не каштавала, а шкоду прынясе велізарную. Вось тады і будзе "інтэграцыя", — дадаў Лукашэнка.

Ён заклікаў грамадзян "не панікаваць і не біцца ў крамы". "У нас дастаткова прадуктаў. Расіяне калі закрывалі мяжу, рэтэйлеры іх звярнуліся да нас: дайце прадукты харчавання, таму што ў нас пачынаецца дэфіцыт. Вядома, мы фармуем партыі і адпраўляем, і цана ўжо зусім іншая", —заўважыў Лукашэнка.

Ён таксама лічыць, што сярод беларусаў няма такой "псіхапатыі", як у заходніх краінах.

Згодна са звесткамі Міністэрства аховы здароўя, на 20 сакавіка ў Беларусі зафіксавана 69 выпадкаў заражэння COVID-19. 15 чалавек выпісаныя з бальніц. Пад наглядам медыкаў знаходзяцца 42 пацыенты са станоўчымі лабараторнымі тэстамі, але без клінічных праяў хваробы. Клінічныя прыкметы маюць 12 чалавек.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН