Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/03/21/ru_1036788_123456/
Дата раздрукоўкі: 15.07.2020 07:28
21.03.2020 12:25 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка: Расія цалкам падтрымала прапановы Беларусі па пастаўках нафты

Мінск, 21 сакавіка. Расія цалкам падтрымала прапановы Беларусі па пастаўках нафты, заявіў Аляксандр Лукашэнка, заслухоўваючы 21 сакавіка даклад па пытаннях працы беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў.

"Галоўнае, што згоды расійскага боку на нашы прапановы ўжо ў канцы першага квартала пайшлі. Ну, усё роўна там, пад якімі абставінамі і па якіх прычынах мы бачым сітуацыю на нафтавым рынку, на рынку вуглевадародаў. Мы разумеем, што прыродны газ прывязаны да нафты , ідзе падзенне цэн на нафту — значыць, і цэны на газ павінны быць ніжэйшыя", — адзначыў Лукашэнка, фрагмент выступлення якога паказаў тэлеканал "Беларусь 1".

У сваю чаргу, прэс-служба прэзідэнта паведамляе, што на нараду ў Палац Незалежнасці прыехалі прэм`ер-міністр Сяргей Румас і намеснік прэм`ер-міністра Юрый Назараў, старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава (яна таксама з`яўляецца старшынёй назіральнага савета на "Нафтане"), кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сяргеенка і яго намеснік Валерый Бельскі, дзяржсакратар Савета бяспекі Андрэй Раўкоў, старшыні КДК і КДБ Леанід Анфімаў і Валерый Вакульчык, міністр замежных спраў Уладзімір Макей і старшыня канцэрна "Белнафтахім" Андрэй Рыбакоў.

Як растлумачыў кіраўнік дзяржавы, гэта поўны склад рабочай групы, якая павінна не проста маніторыць сітуацыю ў гэтай сферы, але і прымаць меры па загрузцы беларускіх НПЗ. Яна штотыдзень праводзіць свае пасяджэнні і інфармуе прэзідэнта аб выніках працы. Кіруе рабочай групай Ігар Сяргеенка.

"Я даручаў, каб разгледзелі новыя прапановы Расійскай Федэрацыі па пастаўках вуглевадароднай сыравіны. Яны паступілі ад расіян тры дні таму. Я так разумею, расіяне цалкам пайшлі на нашы прапановы па пастаўках нафты?" — спытаў Лукашэнка.

Кіраўнік Адміністрацыі пацвердзіў гэта і паведаміў, што прапановы Расіі былі разгледжаны на пасяджэнні рабочай групы.

Паводле слоў Лукашэнкі, на нарадзе будзе разгледжаны комплекс пытанняў, якія тычацца куплі сыравіны, загрузкі нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў, задавальнення попыту на нафтапрадукты ўнутры краіны і экспартных паставак.

"Белнафтахім" пакуль не дамовіўся аб пастаўках нафты з буйнымі расійскімі кампаніямі. Яны настойваюць на прэміі да цаны нафты. Мінск адмаўляецца яе плаціць, паколькі расійская сыравіна і так даражэе з-за падатковага манеўру. У гэтым годзе, згодна з індыкатыўным балансам, пастаўкі расійскай нафты павінны скласці 24 млн тон, аднак Лукашэнка заявіў, што Беларусь не будзе плаціць прэмію расійскім нафтавым кампаніям, раз яны пастаўляюць прадукт па сусветнай цане.

Па выніках перамоў 11 сакавіка ў Маскве прэм`ер-міністр Сяргей Румас заявіў, што сітуацыя на сусветным рынку нафты змянілася, цэны ўпалі, і ў сувязі з гэтым беларускі бок прадставіў Расіі новыя прапановы для нафтавых кампаній, якія "расійскі бок прыняў і паабяцаў на працягу некалькіх дзён правесці кансультацыі з нафтавымі кампаніямі і даць адказ". "На першы погляд, прапановы не былі аспрэчаныя расійскім бокам. Думаю, што мы пройдзем наперад у вырашэнні гэтай нафтавай спрэчкі", — сказаў прэм`ер-міністр.

Афіцыйны Мінск заяўляе, што праца над дарожнымі картамі паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расіі не мае сэнсу да ўрэгулявання сітуацыі з пастаўкамі расійскай нафты.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239