Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/03/23/ru_1036901_123/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 19:18
23.03.2020 12:41 Эканоміка

Першы віцэ-прэм'ер Крутой: Беларускі ўрад разглядае комплекс захадаў для падтрымання бізнесу на фоне каранавіруса

Мінск, 23 сакавіка. Беларускі ўрад разглядае комплекс захадаў для падтрымання бізнесу на фоне каранавіруса, паведаміў 23 сакавіка журналістам першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Дзмітрый Крутой.

Паводле яго слоў, урад сабраў звароты бізнес-саюзаў. "Цяпер пасектаральна абмяркоўваем з усімі асацыяцыямі, найбольш пацярпелымі кампаніямі. Ідзе вельмі актыўны працэс", — цытуе першага віцэ-прэм'ера прэс-служба ўрада.

Якія канкрэтна меры будуць прынятыя, ён не паведаміў. "Там вельмі вялікі спіс. Плюс мы глядзім тыя рашэнні, якія прынятыя еўрапейскімі краінамі, Расіяй, ЗША. Паглядзім, можа быць, нешта цікавае з гэтых дакументаў для сябе возьмем", — сказаў Крутой, падкрэсліўшы, што "пытанне трэба вырашаць аператыўна".

Паводле слоў першага віцэ-прэм'ера, пакуль складана казаць і пра папярэднія ацэнкі стратаў, якія панёс бізнес. "На мінулым тыдні і на прадпрыемствы канкрэтныя выязджалі, і рынкі маніторылі, і сітуацыю ў невялікіх кампаніях. Вялікі масіў аналітычнай інфармацыі зараз апрацоўваем", — распавёў Крутой.

Як паведамлялася, шэраг бізнес-саюзаў звярнуўся ва ўрад з прапановай дапамагчы суб'ектам прадпрымальніцтва ў сувязі са стратамі з-за каранавіруса, у прыватнасці, знізіць арэндную плату, абвясціць падатковыя канікулы і мараторый на праверкі.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239