Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/03/24/ru_1037035_123/
Дата раздрукоўкі: 07.04.2020 00:40
24.03.2020 11:59 Спорт, Грамадства

Чатыры хакеісты "Дынама-Маладзечна" паўстануць перад судом па справе аб дамоўленым матчы

Мінск, 24 сакавіка. Чатыры хакеісты каманды "Дынама-Маладзечна" паўстануць перад судом па справе аб дамоўленым матчы чэмпіянату Беларусі супраць "Магілёва". Матч адбыўся 12 лістапада 2019 года ў Маладзечне і завяршыўся перамогай гасцей 6:5, якія ў сярэдзіне сустрэчы саступалі 1:5 (па перыядах — 1:3, 1:2, 4:0).

Пра завяршэнне расследавання крымінальнай справы аб дамоўленым матчы паведаміў 24 сакавіка Следчы камітэт. Справу вяло галоўнае ўпраўленне па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі СК.

Паводле дадзеных следства, у пачатку лістапада мінулага года гульцам "Дынама-Маладзечна" ад замежных грамадзян паступіла прапанова аб атрыманні ўзнагароджання за наўмысны пройгрыш у матчы з "Магілёвам". Супрацоўнікі СК, МУС і Федэрацыі хакея ўсталявалі, што да злачынства маюць дачыненне сем хакеістаў "Дынама-Маладзечна".

Пры расследаванні атрыманыя звесткі аб замежных грамадзянах, якія прапанавалі хакеістам "Дынама-Маладзечна" "незаконнае ўзнагароджанне ў памеры мільёна расійскіх рублёў". "У сваю чаргу прадстаўнікі хакейнай каманды ўзнагароджанне не атрымалі, бо іх злачынная дзейнасць была своечасова спыненая супрацоўнікамі праваахоўных органаў", — адзначае СК. У дачыненні да замежнікаў, якія прапанавалі грошы, крымінальная справа выдзеленая ў асобную вытворчасць для ажыццяўлення іх крымінальнага пераследу за мяжой.

Паводле інфармацыі СК, падчас допытаў гульцы пацвердзілі, што матч насіў дамоўлены характар. Дзеянні хакеістаў кваліфікаваныя на падставе ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 253 Крымінальнага кодэкса (замах на атрыманне незаконнай узнагароды спартоўцамі за аказанне ўплыву на вынікі спаборніцтва). Магчымае пакаранне — штраф або пазбаўленне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, або папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, або арышт, або абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.

У дачыненні да трох гульцоў "Дынама-Маладзечна" крымінальны пераслед спынены па нерэабілітуючых падставах (у сувязі з дзейным раскаяннем). Крымінальная справа ў дачыненні да чатырох абвінавачаных перададзеная пракурору для накіравання ў суд.

У адрас Федэрацыі хакея накіраванае прадстаўленне "аб ліквідацыі прычын і ўмоў, якія спрыялі здзяйсненню гэтага злачынства, якое было разгледжанае на агульным сходзе калектыву вышэйназванай арганізацыі з удзелам следчага, дзе дадзеная прынцыповая ацэнка дзеянням усіх фігурантаў крымінальнай справы".

Варта зазначыць, што на прэс-канферэнцыі пасля заканчэння гэтага матча галоўны трэнер "Дынама-Маладзечна" Дзмітрый Краўчанка заявіў, што прычыны паразы трэба шукаць не ў хакеі, а "каля хакея".

23 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёна Мінска пачаўся судовы працэс па справе аб дамоўленых матчах у футболе і валейболе. Абвінавачванні выстаўленыя 20 гульцам.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239