Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/03/24/ru_1037079_1037080/
Дата раздрукоўкі: 28.10.2020 14:58
24.03.2020 14:23 Грамадства, Палітыка

Лукашэнка пра каранавірус: Вытрымаем да праваслаўнага Вялікадня — значыць, жыць будзем

Мінск, 24 сакавіка. Аляксандр Лукашэнка заклікае не панікаваць і не дапусціць псіхозу з-за сітуацыі з распаўсюджваннем у свеце каранавіруснай інфекцыі. Пра гэта ён заявіў 24 сакавіка, абмяркоўваючы з паслом Кітая Цуй Цымінам метады барацьбы з COVID-19.

"Усякае ў жыцці бывае, але галоўнае — не панікаваць. Я больш за ўсё баюся, што людзі захварэюць на псіхоз ад таго, што адбываецца ў сродках масавай інфармацыі. Ад псіхозу будуць усе астатнія хваробы. Так кажуць і спецыялісты. Ваш вопыт, наш вопыт мы выкарыстоўваем, каб на гранічна дапушчальным для нас узроўні прайсці пік. Вытрымаем да праваслаўнага Вялікадня — значыць, жыць будзем", — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Лукашэнка расказаў паслу аб прынятых у краіне мерах барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруса. "Мы вызначылі краіны, якія вельмі сур'ёзна кантралюем з пункту гледжання прыезду адтуль нашых людзей і грамадзян, дапусцім, Германіі, Францыі, Італіі. Мы ж краіну не закрывалі, ні з адной краінай не закрылі мяжу. Да нас прыязджаюць розныя людзі, але ў аэрапорце (у асноўным гэта паветраныя зносіны) мы вельмі сур'ёзна кантралюем тых, хто прыбывае ў Беларусь", — растлумачыў ён. Пры неабходнасці прыезджых адпраўляюць на каранцін.

"Праўда, ганяць нас усялякімі рознымі словамі, што мы іх дарэмна затрымалі, але такая сітуацыя", — дадаў Лукашэнка.

Ён таксама звярнуў увагу, што ў гэты перыяд года ў Беларусі назіраецца традыцыйны ўздым захворвання на вірусныя інфекцыі і работнікам аховы здароўя трэба не забываць пра пацыентаў з іншымі сур'ёзнымі захворваннямі. "Нам трэба не выпусціць пытанне іншых хвароб, таму што ад каранавіруса ў нас яшчэ не загінуў ніводзін чалавек, а ад іншых хвароб людзі гінуць. Таму я папярэдзіў Міністэрства аховы здароўя, каб ўрачы надавалі вялікую ўвагу людзям з іншымі хваробамі", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Увага медыкаў у Беларусі ў першую чаргу нацэлена на людзей з групы рызыкі, у якіх найбольш верагоднае цяжкае цячэнне хваробы пры каранавірусе, працягнуў Лукашэнка. Гэта людзі сталага ўзросту, тыя, хто мае шэраг спадарожных захворванняў. "Вядома, любы вірус на такога чалавека кідаецца і пачынае яго там тармасіць, — адзначыў ён. — Нашым урачам пакуль удаецца спраўляцца з гэтымі хваробамі, але расслабляцца мы не плануем".

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, да працы з уразлівымі групамі насельніцтва актыўна падключыліся і сацыяльныя службы, грамадскія арганізацыі, яны прапаноўваюць дапамогу па дастаўцы лекаў, прадуктаў харчавання.

Лукашэнка падзякаваў кітайскаму боку за дапамогу ў супрацьстаянні COVID-19. "Увесь горкі вопыт, які яны (кітайскія спецыялісты. — БелаПАН.) назапасілі за гэтыя месяцы, яны шчодра перадаюць беларускім эпідэміёлагам, мікрабіёлагам, урачам і гэтак далей, — сказаў ён. — Дзякуй вам і ўсяму кітайскаму народу за тую дапамогу, якую вы нам цяпер аказваеце".

Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, на 23 сакавіка колькасць выяўленых выпадкаў CОVID-19 у Беларусі складала 81. Пры гэтым 22 чалавекі ўжо выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі, яшчэ 59 — пад медыцынскім кантролем і на лячэнні. Большая частка інфікаваных знаходзіцца ў медустановах Мінска і Віцебска. Самаму сталаму пацыенту з каранавірусам 78 гадоў, самаму малому — тры гады. Усяго ў каранціне знаходзяцца 1.100 чалавек — гэта кантакты інфікаваных першага ўзроўню, яшчэ 8.800 кантактаў другога ўзроўню знаходзяцца пад наглядам медыкаў.

Праваслаўны Вялікдзень у гэтым годзе будзе адзначацца 19 красавіка.

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239