Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/03/24/ru_1037145_547845/
Дата раздрукоўкі: 02.04.2020 18:27
24.03.2020 22:00 Грамадства, Палітыка

Магілёўская журналістка зноў аштрафаваная за супрацоўніцтва з "Белсатам"

Мінск, 24 сакавіка. Магілёўская журналістка-фрылансар Дар'я Чульцова аштрафаваная на 25 базавых велічыняў (675 рублёў) за рэпартаж пра акцыю пратэсту аўтамабілістаў для тэлеканала "Белсат", паведаміў праваабарончы сайт mspring.online. Рашэнне вынес 24 сакавіка суд Кастрычніцкага раёна Магілёва. Акцыя прайшла 8 лютага каля гандлёвага цэнтра "Е-Сіці".

Суддзя Таццяна Міхайлава палічыла, што Чульцова парушыла заканадаўства аб СМІ і "незаконна вырабіла інфармацыйную прадукцыю" — рэпартаж, які быў паказаны на "Белсаце" 9 лютага.

Журналістка адмовілася з'явіцца на пасяджэнне "ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй". Суддзя абвясціла пазіцыю журналісткі, якую тая раней падала ў пісьмовым выглядзе.

Чульцова назвала свой адміністрацыйны пераслед палітычна матываваным. Паводле яе слоў, за выраб гэтага ж матэрыялу 27 сакавіка будуць судзіць яшчэ аднаго фрылансара — Міхаіла Аршынскага. "Двое чалавек не могуць вырабіць адзін і той жа інфармацыйны матэрыял", — напісала Чульцова.

Яна адзначыла, што не ўваходзіць у склад кіраўніцтва тэлеканала, такім чынам, не можа "вызначаць, што ставіць у эфір, тым самым вырабляючы інфармацыйную прадукцыю".

Міхайлава заслухала двух сведак — супрацоўнікаў АМАП УУС Магілёўскага аблвыканкама Сяргея Мікушкіна і Юрыя Басава, якія дзяжурылі 8 лютага каля "Е-Сіці". Абодва заявілі, што бачылі Чульцову, якая выходзіла з таксі разам з аператарам.

"Грамадскі парадак яны не парушалі. Хадзілі, рабілі інтэрв'юяванне людзей. На мікрафоне ў дзяўчыны бачыў лагатып "Белсата". Потым яны з аператарам селі ў таксі і паехалі", — сказаў Мікушкін.

25 кастрычніка 2019 года Чульцова была аштрафаваная на 20 базавых велічыняў (510 рублёў) за супрацоўніцтва з "Белстатам".

У сакавіку гэтага года штрафы па 50 базавых велічынь (1.350 рублёў) за сваю дзейнасць атрымалі магілёўскія журналісты-фрылансары Аліна Скрабунова і Аляксандр Сідарэўскі.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН