Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/03/25/ru_1037115_1037116/
Дата раздрукоўкі: 03.04.2020 19:29
25.03.2020 07:04 Грамадства

Дзень Волі ўпершыню будзе адзначацца анлайн

Мінск, 25 сакавіка. Святкаванне чарговай гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, якую дэмакратычная грамадскасць традыцыйна адзначае 25 сакавіка як Дзень Волі, упершыню пройдзе ў рэжыме інтэрнэт-акцыі.

З-за эпідэміі каранавіруса COVID-19 адзначыць 102-ю гадавіну абвяшчэння БНР вырашана ў фармаце свята "Годны Дзень Волі" ў анлайн-рэжыме. Яно арганізавана камандай маладых грамадскіх актывістаў, якая на 100-я ўгодкі БНР у 2018 годзе падрыхтавала найбольш маштабнае святкаванне Дня Волі каля опернага тэатра ў Мінску.

Трансляцыя свята пачнецца сёння ў 18.00 на спецыяльна створаным сайце hodna.by, а таксама на прывязаных да яго старонках у сацсетках і YouTube-канале. Чакаецца, што падчас акцыі перад інтэрнэт-аўдыторыяй выступяць вядомыя беларускія дзеячы культуры, грамадскія актывісты, музычныя гурты.

"Гэта новы і ўнікальны для нас вопыт арганізацыі свята ў абсалютна незвычайных умовах, — адзначаюць арганізатары. — Наша задача — з дапамогай сучасных медыя аб'яднаць беларусаў у розных кутках Зямлі і з дапамогай анлайн-трансляцыі з насычанай праграмай і цікавымі гасцямі стварыць атмасферу ўсеагульнага адзінства і салідарнасці, злучыць беларусаў, для якіх Дзень Волі — галоўнае нацыянальнае свята, якое трэба годна адзначаць у любых умовах".

Да пандэміі каранавіруса Дзень Волі ў Мінску планавалася адзначыць у традыцыйным для апошніх гадоў фармаце мітынгу і канцэрта. Аргкамітэт па падрыхтоўцы святкавання 102-й гадавіны БНР у складзе пяці палітычных арганізацый збіраўся правесці акцыю 22 сакавіка. За тыдзень да намечанай даты заяўка на правядзенне масавага мерапрыемства была адкліканая з Мінгарвыканкама ў сувязі распаўсюджваннем у краіне каранавіруса COVID-19.

Дэмакратычная грамадскасць Беларусі публічна адзначае гадавіну абвяшчэння незалежнасці БНР з 1989 года. На працягу 30 гадоў у Мінску і іншых гарадах 25 сакавіка праходзілі шэсці і мітынгі, прымеркаваныя да гэтай даты.

Незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі была абвешчаная ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 года ў Мінску. Пасля зрыву мірных перамоў у Брэсце і наступлення германскіх войскаў бальшавікі пакінулі горад. У гэтай сітуацыі дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады і Выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з'езда абвясцілі сябе часовай уладай на тэрыторыі краіны да склікання Устаноўчага сейма.

У БНР быў замацаваны дзяржаўны статус беларускай мовы, адкрываліся беларускія школы і гімназіі, культурна-асветніцкія таварыствы і тэатры, працавалі выдавецтвы, выходзілі беларускія газеты, вялася праца па адкрыцці ў Мінску Беларускага ўніверсітэта. У рэспубліцы ўвялі пашпарт грамадзяніна БНР, узаконілі дзяржаўную сімволіку — бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня". У шэрагу краін Еўропы адкрыліся дыпламатычныя прадстаўніцтвы БНР.

Аднак з-за складанага ваенна-палітычнага становішча Рада БНР не змагла рэалізаваць ідэю дзяржаўнага суверэнітэту краіны. У снежні 1918 года ўрад БНР быў вымушаны пераехаць у Вільню, затым — у Гродна.

1 студзеня 1919 года бальшавікі абвясцілі ўтварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якая ў 1922 годзе ўвайшла ў склад СССР.

Тым не менш шэраг гісторыкаў разглядае менавіта перыяд БНР першым этапам дзяржаўнага станаўлення беларускай нацыі.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН