Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/03/25/ru_1037279_125478/
Дата раздрукоўкі: 06.06.2020 21:13
25.03.2020 22:33 Грамадства

У дачыненні да журналіста Сяргея Сацука распачатая крымінальная справа згодна з артыкулам "Атрыманне хабару"

Мінск, 25 сакавіка. У дачыненні да рэдактара анлайн-выдання "Ежедневник" Сяргея Сацука распачатая справа на падставе ч. 2 арт. 430 КК (атрыманне хабару паўторна, або шляхам вымагальніцтва, або групай асобаў паводле папярэдняй змовы, або ў буйным памеры). Пра гэта БелаПАН паведаміла яго жонка Жанна Сацук.

Яна размаўляла з дзяжурным адвакатам, у прысутнасці якога 25 сакавіка дапытвалі журналіста. Справа распачатая дэпартаментам фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. "Ён падазраецца ў злачынстве. Цяпер яго вязуць у ізалятар часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна. Да пятніцы ён будзе там, а ў пятніцу ўжо будзе вырашацца пытанне: альбо выставяць абвінавачанне, альбо адпусцяць", — сказала Жанна Сацук.

Паводле яе слоў, 26 сакавіка сям`я мае намер заключыць пагадненне з іншым адвакатам, які будзе браць удзел у далейшых следчых дзеяннях. "Дзяжурны адвакат не вельмі прыязны. І наогул нават не на баку Сяргея Сацука, таму што адвакат сам лічыць, што ён вінаваты і што яго злачынства як на далоні, як ён мне сказаў. Гэта значыць у адваката зусім няправільная пазіцыя для адваката. Такое пачуццё, што ён ніяк не зацікаўлены ў абароне", — адзначыла Жанна Сацук.

Сяргей Сацук быў затрыманы 25 сакавіка прыблізна ў 16.00, калі прыехаў з жонкай у будаўнічую краму. Яго брат Аляксандр Сацук мяркуе, што затрыманне можа быць звязанае са жнівеньскім сюжэтам на тэлеканале "Беларусь 1" аб замоўленых артыкулах у інтэрнэт-выданні "Ежедневник".

22 жніўня 2019 года ў праграме "Панарама" на тэлеканале "Беларусь 1" выйшаў сюжэт, у якім рэдактара анлайн-газеты "Ежедневник" Сяргея Сацука, аўтара серыі журналісцкіх расследаванняў аб карупцыі ў Міністэрстве аховы здароўя, па сутнасці абвінавацілі ў напісанні замоўленых артыкулаў. Бізнесмен Віктар Мядзведскі — фігурант крымінальнай справы аб нявыплаце падаткаў прадстаўніцтвам замежнай кампаніі, якая займаецца пастаўкамі тавараў медыцынскага прызначэння — заявіў на камеру, што перадаў Сацуку інфармацыю аб карупцыйнай схеме. Схема гэтая, паводле яго слоў, звязаная з закупкай прадукцыі кампаніі "Макафарма". Згодна са словамі Мядзведскага, ён хацеў, каб журналіст правёў расследаванне і напісаў артыкул. Пазней артыкул выйшаў на сайце "Ежедневника" пад загалоўкам "Карупцыя Міністэрства аховы здароўя: як у Беларусі зарабляюць на крыві". Мядзведскі сцвярджаў, што для працы над расследаваннем перадаў Сацуку тры тысячы долараў.

"Супраць мяне пачалося тое, што мне і абяцалі, — выкананне пагрозы расправай, калі я не спынюся, — расказваў тады БелаПАН Сацук. — У канцы 2018 года да мяне прыйшоў чалавек (не Мядзведскі), які прапанаваў цікавы матэрыял для артыкула аб карупцыі. Я падключыў замежных калегаў, праверыў прапанаваную інфармацыю, яна пацвердзілася. Я вырашыў працаваць з матэрыялам далей. Мне прапанавалі фінансавую падтрымку пакрыць выдаткі майго расследавання. Я гэтаму чалавеку сказаў, што ў межах гэтага матэрыялу ніякіх грошай мы не бяром і не можам браць". "Я ўпэўнены, што ўсё гэта (нібыта я пішу замоўленыя артыкулы) супраць мяне было спецыяльна арганізаванае. Любы бізнесмен пацвердзіць: колькі грошай мне ні прапаноўвалі, я заўсёды адмаўляўся", — падкрэсліў журналіст.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239