Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/03/27/ru_1037508_1037509/
Дата раздрукоўкі: 25.09.2020 04:43
27.03.2020 15:30 Грамадства

У Беларусі пацверджаныя ўжо 94 выпадкі каранавіруса COVID-19 (абноўлена)

Мінск, 27 сакавіка. На сёння ў Беларусі пацверджаныя ўжо 94 выпадкі каранавіруса COVID-19, паведаміла на брыфінгу намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан.

Паводле яе слоў, пад медыцынскім наглядам на каранціне знаходзяцца 62 чалавекі са станоўчым вынікам тэстаў на каранавірус. Богдан адзначыла, што ў жыхаркі Жыткавічаў (Гомельская вобласць), вынікі аналізаў якой раней былі сумнеўнымі, каранавірусная інфекцыя COVID-19 не пацвердзілася.

Намеснік міністра паведаміла: лічыцца, што 32 пацыенты выздаравелі. Яны ўжо выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі, тэст на COVID-19 у іх даў адмоўны вынік. На просьбу ўдакладніць, колькі чалавек выпісана, а колькі застаецца ў медустановах, прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя заявіла: "Сёння да выпіскі рыхтуюцца сем чалавек. Яны праходзяць канчатковыя тэсты. Ці выпішуць іх да канца дня, пакуль сказаць не магу".

У цэлым сітуацыя застаецца спакойнай і кантраляванай, сказала намеснік міністра. Служба хуткай дапамогі працуе ў звычайным рэжыме, ні ў адным рэгіёне, уключаючы Мінск, павелічэння колькасці выклікаў брыгад з нагоды ўзнікнення вострых рэспіраторных захворванняў няма, адзначыла яна. "Па стане на ўчарашні дзень у нашых кантакт-цэнтрах, прызначаных для шпіталізацыі кантактных асоб пацыентаў з COVID-19, ёсць 2.221 свабодны ложак. Ніякага перапаўнення медустаноў у краіне няма", — заявіла Богдан.

Паводле яе слоў, Міністэрства аховы здароўя выбрала тактыку інфармаваць СМІ аб сітуацыі з захворваннем на каранавірусную інфекцыю не кожны дзень у сувязі з тым, што "нічога экстраардынарнага ў краіне не адбываецца". "Мы і так кантактуем з прэсай часцей, чым планавалі ў дадзеным рэжыме", — сказала намеснік міністра.

На пытанне, калі ў Беларусі чакаецца пік захворвання на каранавірусную інфекцыю, Богдан адказала, што сістэма аховы здароўя "робіць усё, каб яго не было". "Усе нашы меры накіраваны на тое, каб стрымаць пікападобны рост", — падкрэсліла яна.

Прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя запэўніла, што міністэрства максімальна адкрытае ў падачы інфармацыі пра сітуацыю з COVID-19 у краіне: "Мы нічога не ўтойваем. Мы не выйшлі за рамкі таго, што планавалі зрабіць тыдзень і два тыдні таму. Працуем сёння ў тым жа рэжыме".

Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі праведзена каля 24 тыс. тэстаў на COVID-19.

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239