Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/03/27/ru_1037541_214587/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 04:21
27.03.2020 18:28 Грамадства, Палітыка

У доме і ў суседзяў Сяргея Сацука таксама прайшлі вобыскі

Мінск, 27 сакавіка. У другой палове дня 27 сакавіка супрацоўнікі дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю правялі вобыскі ў прыватным доме рэдактара інтэрнэт-выдання "Ежедневник" Сяргея Сацука, а таксама ў яго суседзяў, паведаміла прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў са спасылкай на дачку журналіста.

"Днём я ездзіла перадаваць бацьку перадачу ў СІЗА. Як толькі вярнулася, прыехалі супрацоўнікі ДФР і правялі вобыск. Вобыск у нас у доме праходзіў прыблізна гадзіну, канфіскавалі розныя дакументы і тэхніку", — сказала Ганна Сацук. Паводле яе слоў, супрацоўнікі ДФР канфіскавалі яе працоўны ноўтбук і планшэт.

"Я вельмі прасіла іх не канфіскоўваць маю тэхніку, бо я застаюся фактычна без магчымасці працаваць. З-за каранавіруса кампанія, у якой я працую, перавяла нас на працу з дому. Напярэдадні вечарам я на ўсялякі выпадак аднесла свой працоўны ноўтбук і планшэт нашым суседзям, але ў іх таксама прайшоў вобыск, і тэхніку канфіскавалі", — паведаміла дачка журналіста.

За дзень да гэтага канфіскацыю дакументаў правялі ў офісе "Ежедневника", а Сяргей Сацук быў заключаны пад варту. Акрамя таго, былі дапытаныя ў якасці сведак супрацоўнікі выдання.

Сяргея Сацука затрымалі прадстаўнікі ДФР КДК 25 сакавіка прыблізна ў 16.00 пад Мінскам, калі ён з жонкай прыехаў у будаўнічы магазін. Пазней стала вядома, што ў дачыненні да Сацука распачатая справа на падставе ч. 2 арт. 430 КК (атрыманне хабару паўторна, альбо шляхам вымагальніцтва, альбо групай асоб паводле папярэдняй змовы, альбо ў буйным памеры). Цяпер журналіст знаходзіцца ў мінскім СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.

Сваякі і калегі Сацука звязваюць яго затрыманне з прафесійнай дзейнасцю. Напярэдадні "Еўрарадыё" апублікавала ліст, які Сяргей Сацук прасіў абнародаваць у выпадку яго затрымання.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239