Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/03/28/ru_1037587_123/
Дата раздрукоўкі: 20.10.2020 22:32
28.03.2020 19:13 Грамадства

Расія перакрывае сухапутную мяжу з Беларуссю

Мінск, 28 сакавіка. З 30 сакавіка ў межах барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруса Расія перакрывае сухапутны ўчастак мяжы з Беларуссю.

28 сакавіка ўрад РФ апублікаваў распараджэнне, падпісанае напярэдадні прэм'ер-міністрам Міхаілам Мішусціным, "аб часовым абмежаванні руху праз аўтамабільныя, чыгуначныя, пешаходныя, рачныя і змешаныя пункты пропуску праз дзяржаўную мяжу Расійскай Федэрацыі, а таксама праз сухапутны ўчастак расійска-беларускай дзяржаўнай мяжы". Дакумент прыняты "з мэтай папярэджання пранікнення на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі новай каранавіруснай інфекцыі".

Мінтрансу Расіі сумесна з Федэральнай службай бяспекі (туды ўваходзіць пагранслужба), Федэральнай мытнай службай і Расспажыўнаглядам даручана "з 00 гадзін 00 хвілін па маскоўскім часе 30 сакавіка 2020 года часова абмежаваць рух" праз згаданыя пункты пропуску і сухапутную мяжу з Беларуссю.

Акрамя дыпламатаў, кіроўцаў грузавых аўтамабіляў, лакаматыўных брыгад і некаторых іншых катэгорый за мяжу могуць выязджаць грамадзяне Расіі, калі яны едуць на пахаванне блізкіх сваякоў, а таксама транзітам (праз Беларусь і Літву), калі яны зарэгістраваныя ў Калінінградскай вобласці.

Тэрмін дзеяння прынятай меры ў дакуменце не пазначаны.

27 сакавіка Аляксандр Лукашэнка, наведваючы завод "Белгіпс", выказаў надзею, што расіяне, для якіх наступны тыдзень аб'яўлены нерабочым з мэтай барацьбы з распаўсюджваннем COVID-19, прыедуць адпачываць у Беларусь. "Цяпер выхадныя гэтыя, куды расіяне паедуць? Яны прывыклі да нас больш за ўсё ехаць. Вядома, прыедуць да нас. У гасцініцах будуць жыць, у аграсядзібах. І дзякуй богу, яны ж прыедуць з грашыма. І куды ім дзявацца? Мы не павінны ад іх закрывацца", — заявіў Лукашэнка, выказванні якога прагучалі ў праграме "Панарама" на тэлеканале "Беларусь 1". Такім чынам, грамадзяне Расіі могуць патрапіць у Беларусь толькі паветраным шляхам (27 сакавіка РФ спыніла авіязносіны, за выключэннем эвакуацыі сваіх грамадзян з трэціх краін, але некаторыя рэйсы паміж Мінскам і Масквой пакуль ажыццяўляюцца).

Расія закрыла мяжу для ўезду замежнікаў, уключаючы грамадзян Беларусі, з 18 сакавіка па 30 красавіка. У далейшым было зроблена выключэнне для блізкіх сваякоў грамадзян РФ.

Беларусь свае межы, у адрозненне ад усіх краін-суседзяў (Расія, Украіна, Літва, Латвія, Польшча), на ўезд не закрывала, аднак 25 сакавіка ўвяла патрабаванне 14-дзённай самаізаляцыі для тых, хто прыбыў на тэрыторыю краіны.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239