Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/03/30/ru_1037660_541287/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 10:11
30.03.2020 12:52 Грамадства

На сустрэчу парламенцкай камісіі, дзе будуць абмяркоўваць інфармаванне грамадзян аб сітуацыі з каранавірусам, запрошанае толькі дзяржагенцтва БелТА

Мінск, 30 сакавіка. 31 сакавіка запланаваная сустрэча пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ.

Як вынікае з паведамлення на сайце ніжняй палаты парламента, на парадку дня сустрэчы два пытанні: "Аб забеспячэнні права грамадзян на атрыманне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi і папярэджанні распаўсюджвання недакладнай інфармацыі ва ўмовах пандэміі каранавіруса. Заканадаўства і правапрымяняльная практыка" і "Аб адкрытых парламенцкіх слуханнях на тэму "75-годдзе Вялікай Перамогі: гістарычная памяць і патрыятызм — найважнейшыя маральныя арыенціры беларускага грамадства і дзяржавы, фактары кансалідацыі ва ўмовах сучасных выклікаў і пагроз".

На просьбу журналісткі БелаПАН акрэдытаваць яе на пасяджэнне камісіі ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў адказалі: у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй у краіне камісія прыняла рашэнне запрасіць для асвятлення пасяджэння толькі дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Гэтую інфармацыю пацвердзіў старшыня камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Генадзь Давыдзька, да якога БелаПАН звярнуўся па каментар. "Мы запрасілі толькі БелТА, — сказаў ён. — Яна (сустрэча. — БелаПАН.) не мае закрытага або таемнага характару, але мне хацелася б без вашага інфармагенцтва, таму што я не стаўлюся да вас як да аб'ектыўнага вяшчальніка... Я шмат разоў чытаў нейкія дзіўныя публікацыі ў вас, відавочна не зацікаўленыя вы ў дзяржаве".

На рэмарку пра тое, што запланаваная да абмеркавання тэма цікавая журналістам усіх выданняў, Давыдзька сказаў: "Ну, магчыма, але я не вельмі вам давяраю, так прасцей сказаць".

Нагадаем, 21 сакавіка Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з членамі ўрада і кіраўнікамі дзяржорганаў запатрабаваў разабрацца з распаўсюджвальнікамі фэйкаў пра смерці з-за каранавіруса. Ён даручыў старшыні КДБ Валерыю Вакульчыку "добра прайсціся" па сайтах і каналах. Паводле слоў Лукашэнкі, неабходна разабрацца з "нягоднікамі, якія ўкідваюць гэтыя фэйкі". "Навошта яны людзей атручваюць?" — абурыўся ён.

Напярэдадні нарады прэс-служба Міністэрства аховы здароўя абвергла апублікаваную ў шэрагу СМІ інфармацыю аб тым, што ў Віцебску ад каранавіруса памерла мясцовая жыхарка. "За апошнія два тыдні гэта ўжо чацвёртая смерць ад журналістаў. Спачатку яны "пахавалі" вядомага прадпрымальніка, потым дзяўчыну ў Гродне, затым мужчыну ў Лепелі. І вось — новая сенсацыя..." — гаварылася ў каментары Міністэрства аховы здароўя.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239