Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/03/30/ru_1037668_874512/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 11:02
30.03.2020 13:13 Грамадства

БАЖ — Міністэрству аховы здароўя: Найлепшая ахова ад фэйкаў і панікі — праўдзівая своечасовая інфармацыя

Мінск, 30 сакавіка. Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) звярнулася да Міністэрства аховы здароўя Беларусі з заклікам даваць аператыўную і дакладную інфармацыю пра распаўсюджванне COVID-19.

"У Беларусі расце колькасць людзей, інфікаваных вірусам COVID-19. У такі час праца медыя патрабуе максімальнага прафесіяналізму, аператыўнасці і праверкі інфармацыі па кожным канкрэтным выпадку і сітуацыі ў цэлым, — гаворыцца ў апублікаванай на сайце БАЖ заяве. — Але карэктная праца медыя немагчымая, калі кампетэнтныя дзяржаўныя органы не будуць своечасова і дакладна інфармаваць журналістаў, адказваць на пытанні і звароты. Відавочна, найлепшым сродкам супраць з'яўлення і распаўсюджвання фэйкаў у медыя з'яўляецца аператыўнае даванне афіцыйнай праўдзівай інфармацыі".

БАЖ адзначае, што сталі вядомыя факты, калі журналісты СМІ сутыкнуліся з немагчымасцю аператыўна атрымаць інфармацыю аб сітуацыі з COVID-19. У прыватнасці карэспандэнты выданняў "Наша Ніва" і Onliner.by паведамляюць, што 20 сакавіка прэс-служба Міністэрства аховы здароўя на працягу працоўнага дня не адказвала на тэлефанаванні. Журналісту выдання Intex-press (Баранавічы) 4 сакавіка Баранавіцкім занальным цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі было адмоўлена ў даванні інфармацыі аб мерах па недапушчэнні распаўсюджвання віруса COVID-19 у горадзе.

У сувязі з гэтым БАЖ заклікае Міністэрства аховы здароўя і ўсе дзяржаўныя органы і службы, звязаныя з аховай здароўя, прыняць меры для паляпшэння інфармавання грамадзян. У прыватнасці арганізаваць працу прэс-службаў Міністэрства аховы здароўя, абласных, гарадскіх і раённых уладаў такім чынам, каб кожны журналіст у працоўны час мог аператыўна атрымаць дакладную, праўдзівую і своечасовую інфармацыю пра сітуацыю з COVID-19 у Беларусі. БАЖ таксама заклікае штодня даваць грамадству аператыўную і дакладную інфармацыю пра распаўсюджванне COVID-19 у краіне і рэкамендацыі лекараў.

"Нагадваем, што артыкул 34 Канстытуцыі гарантуе грамадзянам Рэспублікі Беларусь права на атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi аб дзейнасцi дзяржаўных органаў, палітычным, эканамічным жыцці, стане навакольнага асяроддзя, а забеспячэнне правоў і свабод грамадзян з'яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы", — падкрэсліваецца ў заяве БАЖ.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239