Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/03/31/ru_1037838_123/
Дата раздрукоўкі: 12.06.2021 19:39
31.03.2020 17:19 Грамадства

Лукашэнка пра каранцін: Замыкаць людзей у гэтых тухлых кватэрах — не метад

Мінск, 31 сакавіка. На фоне распаўсюджвання каранавіруса COVID-19 трэба працаваць над праблемамі, што ўзнікаюць у краіне, а не закрываць мяжу і заганяць людзей у дамы, заявіў Аляксандр Лукашэнка 31 сакавіка падчас рабочай сустрэчы са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталляй Качанавай.

"Замыкаць у гэтых тухлых кватэрах — гэта не метад. Мы забіваем людзей у гэтых кватэрах, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Адкрываецца шмат праблем, над якімі трэба працаваць, а не закрываць мяжу і заганяць людзей у дамы. Нас заўсёды вучылі, вы ж памятаеце: калі ВРВІ, грып і іншае, трэба на вуліцу выходзіць, дыхаць свежым паветрам, праветрываць памяшканне".

Лукашэнка адзначыў, што, калі людзі ізаляваныя ў сваіх дамах і кватэрах, ніхто не ведае, здаровыя яны ці ўжо чымсьці заразіліся: "Вірус блукае. Ні вы не ведаеце, ні я. Я не рабіў тэст. І я не ведаю, перажыў я гэты вірус ужо на нагах ці не. Гэтак жа сама і там".

На думку беларускага кіраўніка, у выніку людзі знаходзяцца ў сваёй закрытай кватэры ў атмасферы вірусаў і часцяком занадта позна, ужо ў крытычным стане, паступаюць на лячэнне. "Таму я не разумею тых, хто сёння раіць ізаляваць, зачыніць, перакрыць. Працаваць трэба, як мы гэта заўсёды рабілі, кропкава", — лічыць ён.

Лукашэнка таксама заявіў, што ў цэлым у краіне вылечылі ад каранавіруса больш за сто чалавек, і падзякаваў за гэта лекарам. Каб ацаніць сітуацыю, ён мае намер найбліжэйшым часам прааналізаваць статыстыку смяротнасці за першы квартал у параўнанні з аналагічнымі перыядамі мінулых гадоў.

Афіцыйны лідар нагадаў, што апошнім часам вельмі сур'ёзна ўзяў пад кантроль працу сістэмы аховы здароўя. "Сістэма створаная. Сістэма павінна працаваць выключна, як гадзіннік. Не магу сказаць, што яна не працуе", — заявіў ён.

Разам з тым Лукашэнка звярнуў увагу на недахопы ў працы медыкаў, маючы на ўвазе бестурботнасць некаторых лекараў, якія, кантактуючы з пацыентамі, не заўсёды прымаюць неабходныя меры засцярогі. "Вось у Віцебску ведаю — лекары першага ўзроўню — тыя, хто ад некага заразіўся. Там больш за дзясятак. Яны, вядома, не праблемныя. Але ж мы адцягваемся на іх лячэнне. Гэтыя лекары павінны лячыць пацыентаў, а мы іх лечым. Яны, дзякуй богу, дужыя людзі. Але гэта нядобра, калі лекар грэбуе элементарнымі мерамі", — лічыць беларускі кіраўнік.

Паводле яго сцвярджэння, у Беларусі прымаюцца неабходныя меры па прадухіленні распаўсюджвання каранавіруса. У прыватнасці, тыя, хто прыязджае з-за мяжы, змяшчаюцца на каранцін, усіх кантралююць пры ўездзе, адсочваюцца ўсе кантакты тых, хто заразіўся. "Мы лечым там, дзе трэба іх лячыць. Але нельга людзей абмяжоўваць там, дзе іх нельга абмяжоўваць", — заявіў Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў, што маюць месца фэйкі і некаторы недавер да ўлады вакол тэмы каранавіруса. "Вось, улада кагосьці падманвае... Слухайце, ну я не ведаю, навошта мне кагосьці падманваць. Я што, гэты вірус стварыў, каб нешта схаваць і людзям не паказваць? Я ж яго не ствараў", — сказаў афіцыйны лідар.

У цэлым, адзначыў ён, сітуацыя кантраляваная, ніякай катастрофы няма: "У нас сёння лечацца і застаюцца ў бальніцы 80-90 чалавек. Мы спраўляемся з гэтымі людзьмі". Больш за тое, апошнім часам выяўляліся і іншыя вірусы, якія распаўсюджваліся па свеце ў папярэднія гады, паведаміў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, як і ў выпадку з іншымі падзеямі, няхай гэта будзе вайна, эпідэмія або пандэмія, з усяго варта здабываць урокі на будучыню. "Мы шмат чаму вучымся. Я асабіста кантралюю некалькі працэсаў. Рана пра гэта казаць, але я ўжо людзям сказаў: прыйдзе час, я проста распавяду са сваіх назіранняў, спецыялісты скажуць, і мы людзям раскажам аб гэтых уроках. Але гэтыя ўрокі трэба здабываць. Калі сёння здарылася бяда ў эканоміцы і з хваробамі людзей, хто гарантуе, што заўтра горш не будзе", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239