Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/03/31/ru_1037874_1037875/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 03:25
31.03.2020 19:47 Эканоміка, Грамадства, Беларусь — Еўрасаюз

Шубель: ЕС падтрымлівае Беларусь у супрацьдзеянні распаўсюджванню каранавіруса і пераадоленні эканамічнага крызісу, які нарастае

Мінск, 31 сакавіка. Еўрасаюз цесна супрацоўнічае з урадам і міжнароднымі арганізацыямі для "паскарэння мер па супрацьдзеянні пандэміі COVID-19 у Беларусі", гаворыцца ў апублікаванай 31 сакавіка заяве прадстаўніцтва ЕС у Мінску.

"Нягледзячы на ўплыў абмежаванняў на перамяшчэнне, прадстаўніцтва ЕС і цэнтральныя службы ў Бруселі ў поўнай меры падтрымліваюць Беларусь у супрацьдзеянні распаўсюджванню каранавіруса і пераадоленні эканамічнага крызісу, які нарастае. Падтрымка ЕС будзе аб'ядноўваць як новыя сродкі, так і рэсурсы праектаў, якія ажыццяўляюцца цяпер", — заявіў кіраўнік прадстаўніцтва ЕС Дзірк Шубель.

У рэлізе адзначаецца, што пакет мер у суме 840 млн еўра для рэгіёну Усходняга партнёрства, аб прыняцці якога было абвешчана 30 сакавіка, прадугледжвае некалькі неадкладных і сярэднетэрміновых дзеянняў у дадатак да існуючых праграм супрацоўніцтва ЕС у кожнай з шасці краін УП. Сусветная арганізацыя аховы здароўя, выкарыстоўваючы гэта фінансаванне ЕС, будзе каардынаваць у рамках сістэмы ААН закупку медыкаментаў і іх размеркаванне, у тым ліку ў Беларусі.

Пры неабходнасці СААЗ будзе дапамагаць Міністэрству аховы здароўя ў навучанні і павышэнні дасведчанасці шырокіх слаёў грамадства. Гэтыя меры будуць дапоўнены за кошт рэсурсаў дзейнай праграмы ЕС Belmed, што дазволіць прадстаўніцтву ЮНІСЕФ у Беларусі падтрымаць Міністэрства адукацыі ў распрацоўцы мер рэагавання ў сувязі з COVID-19 у сферы адукацыі. Аналагічным чынам ПРААН і ЮНФПА ў Беларусі "аказваюць падтрымку Міністэрству працы і сацыяльнай абароны ў дачыненні да патэнцыйнай падтрымкі ў галіне сацыяльнай абароны і аказання паслуг неабароненым групам". Абодва агенцтвы таксама цесна супрацоўнічаюць з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа "ва ўмацаванні скаардынаванай сістэмы прафілактыкі COVID-19 сярод пажылога насельніцтва".

У рэлізе адзначаецца, што большая частка пакета мер ЕС у сувязі з COVID-19 накіравана на змякчэнне ўздзеяння на рэальную эканоміку. Гэтыя меры "даюць беспрэцэдэнтныя магчымасці для сектара малых і сярэдніх прадпрыемстваў Беларусі, адкрываючы доступ да рэгіянальных інструментаў фінансавання ЕС". Фінансаванне "будзе спрыяць выдзяленню Еўрапейскім інвестыцыйным банкам і Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця крэдытных ліній праз беларускія банкі, каб дапамагчы прыватнаму сектару, уключаючы самазанятых, лягчэй атрымліваць крэдыты і актывізаваць прадпрымальніцкую дзейнасць пасля крызісу". "Новым для Беларусі з'яўляецца доступ да Еўрапейскага фонду ўстойлівага развіцця (EFSD). 500 млн еўра выдзелена для пакрыцця рызык міжнародных фінансавых устаноў, каб палегчыць выдзяленне ліквіднасці, неабходнай для крэдытных аперацый", — адзначае прадстаўніцтва ЕС.

Акрамя таго, эксперты Сусветнага банка аналізуюць запыты міністэрстваў эканомікі і фінансаў "аб перанясенні бягучых крэдытных ліній і распрацоўцы далейшых мер па аказанні фінансавай дапамогі Беларусі".

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239