Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/04/01/ru_1037941_245881/
Дата раздрукоўкі: 25.05.2020 03:46
01.04.2020 13:43 Грамадства

У Беларусі зарэгістраваны другі выпадак смерці ад COVID-19

Мінск, 1 красавіка. У Беларусі зарэгістраваны другі выпадак смерці ад каранавіруса COVID-19. "Зарэгістраваны другі выпадак смерці ўзроставага пацыента з наяўнасцю шматлікіх хранічных захворванняў, згодна з папярэднімі звесткамі, абцяжараных каранавіруснай інфекцыяй", — паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Асоба памерлага і дата смерці не называюцца, аднак, як вынікае з паведамленняў шэрагу СМІ, гаворка ідзе пра 70-гадовую настаўніцу англійскай мовы, жыхарку вёскі Доктаравічы Капыльскага раёна Мінскай вобласці, дзе зафіксавалі ўспышку каранавіруса. Цела жанчыны накіраванае з капыльскай бальніцы на крэмацыю ў Мінск.

Першым пацыентам, які памёр у Беларусі ў выніку заражэння COVID-19, стаў 75-гадовы акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Віктар Дашкевіч. Ён памёр 30 сакавіка ў Віцебску.

Міністэрства аховы здароўя таксама паведамляе, што за апошнія суткі выпісаныя пяць пацыентаў, у якіх раней тэст на COVID-19 даў станоўчы вынік. Пад медыцынскім наглядам і на лячэнні знаходзяцца 157 чалавек. Агульная колькасць выяўленых у Беларусі выпадкаў COVID-19 Міністэрства аховы здароўя не публікуе.

Пры гэтым паведамляецца, што на сёння ў Беларусі праведзена больш за 32 тыс. тэстаў на каранавірусную інфекцыю. У краіне "працягваюцца мерапрыемствы па кантролі за эпідэміялагічным становішчам, у выпадку неабходнасці ажыццяўляецца шпіталізацыя пацыентаў для далейшага назірання і абследавання", адзначае Міністэрства аховы здароўя.

Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239