Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/04/02/ru_1038109_147852/
Дата раздрукоўкі: 03.06.2020 04:14
02.04.2020 13:08 Грамадства

Анфімаў не бачыць праблемы ў тым, што звесткі пра агульную колькасць заражаных каранавірусам не публікуюцца

Мінск, 2 красавіка. Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў не бачыць праблемы ў тым, што Міністэрства аховы здароўя не публікуе звесткі пра агульную колькасць грамадзян, інфікаваных каранавірусам COVID-19.

Падчас першага пасяджэння вясновай сесіі Палаты прадстаўнiкоў 2 красавiка журналісты пацікавіліся ў кіраўніка КДК, ці няма ў камітэта прэтэнзій да Міністэрства аховы здароўя, якое не публікуе звесткі пра рэальны стан з заражэннем, што спрыяе паніцы. "Вось мы абмяркоўвалі гэтую тэму ўчора, ну, магчыма, кулуарна — а колькі насамрэч заражаных? — сказаў Анфімаў. — Калі б, скажам, Міністэрства аховы здароўя ўзяло ды сказала, што тысяча чалавек у нас заражаная, гэта што, усіх задаволіць, так? А калі тысячы чалавек няма?.. Мне пастаянна шлюць паведамленні сябры і іншыя, маўляў, скажыце праўду. Я пішу, што ў нас 150 тысяч заражаных".

Кіраўнік камітэта заявіў, што не чытае паведамленні Міністэрства аховы здароўя. "У мяне хапае і па працы негатыўнай інфармацыі, — растлумачыў ён. — Я магу прачытаць — на tut.by заходжу і чытаю, колькі ў нас сёння заражаных, на падставе інфармацыі Міністэрства аховы здароўя (я нават не ведаю, як сайт Міністэрства аховы здароўя завецца). Магу патэлефанаваць міністру і спытаць яго: "Колькі ў цябе заражаных?" Ён мне скажа, колькі заражаных, ён хлусіць не будзе".

На рэмарку пра тое, што людзей палохае адсутнасць інфармацыі аб рэальнай колькасці інфікаваных каранавірусам, Анфімаў сказаў: "Я не ведаю, якая інфармацыя патрэбная".

"Перад сённяшнім адкрыццём сесіі мы таксама абмяркоўвалі гэтую тэму і казалі, што не было такога інфармацыйнага ажыятажу, калі, скажам, ідзе эпідэмія грыпу простага. Людзі не паміраюць хіба ад гэтага? Для чаго сёння гэтымі інфармацыйнымі ўсплёскамі, выкідамі падымаць і распальваць гэтую паніку?" — заявіў ён.

Паводле слоў Анфімава, ён не прылічвае сябе да зоны рызыкі. "Я не ведаю, хто гэта прыдумаў, што зона рызыкі — для людзей старэйшых за 65 гадоў, — сказаў чыноўнік. — Ёсць значна маладзейшыя за мяне па пашпарце, якія маюць больш шанцаў заразіцца і знаходзяцца ў зоне рызыкі, напэўна, больш, чым я, 65-гадовы, у 40 або 30 гадоў".

"Паглядзіце, калі чалавек курыць, п'е не ў сябе, не займаецца спортам... Я ж вяду даволі актыўны спосаб жыцця і думаю, што калі да 80 гадоў дажыву, то таксама такі спосаб жыцця буду весці", — дадаў старшыня КДК.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова называў меры, што прымаюцца ў свеце па стрымліванні пандэміі каранавіруса, псіхозам, а таксама рэзка крытыкаваў закрыццё краінамі, у тым ліку Расіяй, сваіх межаў. Падчас сустрэчы з кіраўніком Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай 31 сакавіка ён зноў негатыўна выказаўся пра самаізаляцыю людзей у сваіх кватэрах і дамах: "Замыкаць у гэтых тухлых кватэрах — гэта не метад".

Звесткі пра агульную колькасць зарэгістраваных выпадкаў COVID-19 у Беларусі Міністэрства аховы здароўя не паведамляе. Аднак пасля публікацыі ў СМІ інфармацыі аб гібелі першых заражаных ведамства афіцыйна пацвердзіла дзве смерці ад COVID-19 у краіне.

Таццяна Каравянкова, Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239