Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/04/02/ru_1038145_123/
Дата раздрукоўкі: 25.05.2020 04:52
02.04.2020 15:54 Грамадства, Палітыка

Лукашэнка не правяраўся на каранавірус, але сочыць за сваім здароўем

Мінск, 2 красавіка. Аляксандр Лукашэнка не правяраўся на каранавірус, але сочыць за станам свайго здароўя. Пра гэта ён паведаміў 2 красавіка ў інтэрв'ю прадстаўніцтву міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі "Мир" у Беларусі.

"Не правяраўся я на каранавірус, але сачу за сваім станам здароўя. Не мяняю стыль жыцця. І на трэніроўках, і фізічных нагрузак дадаў. Але цяпер зразумеў, што не трэба, напэўна, у гэтай сітуацыі, калі мы праходзім пік вірусных захворванняў, фізічна грузіць арганізм", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што распаўсюджванне ў Беларусі каранавіруса першапачаткова звязанае з завознымі выпадкамі. Паводле яго слоў, у Беларусі на дадзены момант "толькі адзінкавыя выпадкі смерцяў ад пнеўманіі, дзе каранавірус даў ускладненні на фоне іншых сур'ёзных праблем са здароўем". "Любы вірус ускладніць хранічныя захворванні", — заўважыў ён.

Лукашэнка таксама падкрэсліў, што "ў Беларусі нічога не хаваюць, бо смерць чалавека ў прынцыпе немагчыма схаваць". Больш за тое, "у цэлым па смяротнасці ў Беларусі ў бягучым годзе дынаміка лепшая ў параўнанні з аналагічнымі перыядамі мінулых гадоў, найбліжэйшым часам плануецца апублікаваць падрабязную статыстыку, атрыманую з органаў ЗАГС".

"Пачынаюць гвалтам крычаць, што ў Беларусі нешта хаваюць і не працуюць па вірусе. СААЗ нам рэкамендуе (Качанава ўчора па маім даручэнні размаўляла) змагацца ў асяродках, кропкава, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Гэта значыць, мы, калі бачым асяродак, кідаемся на яго і пачынаем лячыць гэтага чалавека і тых, хто быў вакол. Ніхто так у свеце не працуе. Яны ідуць фронтам. Акружылі горад — не заехаць, ні выехаць, і ўсіх у дамах замкнулі".

Лукашэнка лічыць, што ў Беларусі няма той сітуацыі, каб прымаць падобныя меры. "І дай бог, каб гэтай сітуацыі ў нас не было", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Ён яшчэ раз пацвердзіў свой тэзіс аб тым, што масавая ізаляцыя ў кватэрах, наадварот, можа спрыяць пагаршэнню стану для тых, хто ўжо заразіўся тым ці іншым вірусам. "Гэта не праблема. Мы за суткі нейтралізуем горад (калі гэта спатрэбіцца). Але чаго гэта будзе каштаваць і колькі будзе тады смерцяў? Мы ўжо потым будзем выхопліваць з кватэр людзей, якія будуць цяжкія, і адразу іх на штучную вентыляцыю лёгкіх. І што, мы выратуем гэтых людзей? Таму не трэба глупствам займацца. Нас жа заўсёды вучылі: трэба, каб праветранае памяшканне было, на свежым паветры і іншае", — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

"Калі ўжо прыйдзе такі момант, калі нам трэба дзесьці тушыць пажар, мы яго будзем тушыць. І прытым значна больш эфектыўна, чым літоўскі прэзідэнт. Ён заклапаціўся пра беларускі вірус... Сваім вірусам займіся, у цябе там куча пытанняў. Ён яшчэ папракае, што, напэўна, беларусы не пра ўсё інфармуюць", — заўважыў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што з усіх, хто знаходзіўся на лячэнні ад каранавіруса ў бальніцах, толькі нешматлікія знаходзяцца на штучнай вентыляцыі лёгкіх. "У нас каля 3 тыс. апаратаў ШВЛ. Плюс наркозныя можна выкарыстоўваць у скрайнім выпадку", — прывёў ён дадзеныя.

"Дык чаго нам цяпер ізаляваць людзей? Іх трэба засцерагчы, што абавязана зрабіць сістэма аховы здароўя, лекары павінны лячыць людзей (гэта маё цвёрдае патрабаванне), а не хадзіць і зачыняць установы, нешта адмяняць. Гэта справа ўлады. Ты прыйдзі, дакажы, што гэта трэба, а ўлада прыме рашэнне", — падкрэсліў афіцыйны беларускі лідар.

Пры гэтым ён заклікаў лекараў выконваць неабходныя меры засцярогі пры зносінах з патэнцыйна інфікаванымі і пацыентамі, каб самім не стаць носьбітамі віруса.

Лукашэнка адзначыў, што міністр аховы здароўя са спецыялістамі выязджалі ў Віцебскую вобласць. "За трое сутак узялі пад кантроль сітуацыю. Сёння мяне ўжо інфармуюць: у іх (мы ж кантралюем агульнае захворванне, я казаў, што мы на піку знаходзімся) захворванне знізілася. Я малю бога, каб і мы, як цяпер, прайшлі хоць бы да Вялікадня гэты пік. І дай бог, каб атрымалася знізіць", — сказаў ён.

Лукашэнка выказаў падзяку на адрас лекараў "за паспяховыя падыходы да лячэння вірусных захворванняў". "Сказаць, што ў Беларусі ўсё ціха і спакойна, — глупства поўнае. Проста мы не панікуем. Займаемся кожны сваёй справай. Не вырашаем праз каранавірус ніякіх палітычных пытанняў, хоць у нас палітычны год", — заўважыў ён.

"Калі ўжо шчыра, я б сёння мог увесці надзвычайнае становішча — патрулі па вуліцах, усе сядзяць (па хатах) — і паказаць перад прэзідэнцкімі выбарамі, які я круты хлопец, што я магу ўсё ўзяць пад кантроль, — сказаў Лукашэнка. — Не дай бог, каб нам рэальна давялося жыць у такой сітуацыі, калі прыйдзецца абмяжоўваць чалавеку магчымасць хадзіць па вуліцах, вывесці сваё дзіця куды-небудзь. І я ў гэтыя гульні гуляць не жадаю. Мы будзем змагацца з любой хваробай. Я не вылучаю таму каранавірус".

1 красавіка Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла, што за апошнія суткі выпісаныя пяць пацыентаў, у якіх раней тэст на COVID-19 даў станоўчы вынік. Пад медыцынскім наглядам і на лячэнні знаходзяцца 157 чалавек. Агульную колькасць выяўленых выпадкаў COVID-19 Міністэрства аховы здароўя публікаваць перастала.

Па стане на 1 красавіка ў Беларусі афіцыйна пацверджаныя два выпадкі смерці ад каранавіруса COVID-19 (паводле неафіцыйных дадзеных — тры).

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239